Масавыя падпалы аўтамабіляў у Маскве - спланаваная акцыя? (Відэа)
- 3.06.2008, 12:55
Масавыя падпалы аўтамабіляў у Маскве, бадай, будуць аб'яднаны ў адну справу. Хто гэты маньяк і чым выкліканы гэтыя злачынствы, спрабуюць даведацца маскоўскія праваахоўныя органы.
У ноч на аўторак у Маскве пацярпела яшчэ тры аўтамабілі. Пад гадзіну ночы на вуліцы Прафсаюзная, дом №5/9 загарэўся аўтамабіль маркі BMW, пад дзве гадзіны каля дома №6 на 1-й Уладзімірскай вуліцы загарэўся аўтамабіль Audi, а недзе а чацвертай раніцы загарэлася "Газэль", прыпаркаваная каля дома №27 на вуліцы Флоцкая, паведамляе "Інтэрфакс" са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах горада.
Нагадаем, што ў ноч на 30 траўня ў маскоўскім мікрараёне Паўночнае Бутава былі спалены 14 аўтамабіляў, у тым ліку, джып Grand Cherookee коштам больш чым у 50 тысяч даляраў. Пяць аўтамабіляў згарэлі цалкам. Невядомы падпаліў дзесяць аўтамабіляў на вуліцы Кулікоўская ( у т.л. джыпы Suzuki і Mitsubishi, некалькі аўтамабіляў марак Hyundai і Opel) і яшчэ чатыры - на бульвары Дзмітрыя Данскога.
У ноч на суботу на Ленінградскай шашы зламыснікі падпалілі аўтамабілі марак Hyundai Terracan, ВАЗ-2112 і ВАЗ-2107.
У ноч на панядзелак загарэліся яшчэ 3 аўтамабілі. У дварах дамоў па Ясенеўскім праспекце невядомыя спалілі аўтамабілі Ford, BMW і грузавую "Газэль".
http://www.ntv.ru/news/videoRub.swf?link=http://news.ntv.ru/v133492/&num=1
Нагадаем таксама, што паўтары гады таму на паўночным усходзе Масквы таксама цягам адной ночы было спалена 11 аўтамабіляў. Гэта адбылося на тэрыторыі Аддзелаў унутраных справаў "Растокіна" і "Свіблава". Тады відавочцы паведамілі, што невядомы маладзён набліжаўся да аўтамабіля, абліваў яго гаручай вадкасцю, падпальваў і ўцякаў з месца здарэння. Злачынца затрымаць не змаглі.
Следства лічыць, што 15 машын спаліў адзін чалавек
Крымінальныя справы аб падпалах аўтамабіляў у розных раёнах Масквы могуць аб'яднаць у адну, бо почырк злачынстваў супадае, паведамляе РІА "Новости" са спасылкай на крыніцу ў сталічным ГУУС.
Па іх словах, калі следства вызначыць, што падпал BMW гэтай ноччу на Прафсаюзнай вуліцы, а таксама падпалы трох аўтамабіляў на Новаясенеўскім праспекце і 11-ці ў Паўночным Бутаве – справа рук аднаго чалавека, то на яго рахунку будзе 15 машын, спаленых на паўднёвым захадзе Масквы.
Суразмоўца агенцтва дадаў, што затрымаць злачынца пакуль не змаглі, хоць усе аўтапатрулі і нарады міліцыі зарыентаваныя па фотаробаце на пошукі падпальшчыка і ім спрыяюць участковыя і аўтаўладальнікі. Па ягоных словах, не змаглі знайсці падазраванага і сярод асобаў, якія значацца на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры.
Следства схіляецца да версіі, што падпальшчыкам з'яўляецца той самы чалавек, бо злачынныя дзеянні ва ўсіх выпадках аднолькавыя - падпал гаручых матэрыялаў пад машынай, патлумачыла крыніца.