BE RU EN

Камісар Еўразвяза заклікала адмяніць прысуды ўдзельнікам «Працэсу 14-ці»

  • 3.06.2008, 14:31

Камісар ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднэр асудзіла прысуды ўдзельнікам «Працэсу 14-ці» Міхаілу Субачу, Паўлу Вінаградаву і Максіму Дашуку, назваўшы іх «палітычна матываванымі» і заклікала адмяніць іх.

27 мая суддзя суду Цэнтральнага раёна Менска Валерый Есьман прысудзіў Субача і Вінаградава да двух год абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы. Трэці абвінавачаны, Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да палутара год абмежавання волі. Усе трое прызнаныя вінаватымі ў злачынстве, прадугледжаным ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), за ўдзел у акцыі пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў у Менску 10 студзеня.

Асуджаныя маюць намер абскардзіць прысуд.

У заяве еўракамісара ад 3 чэрвеня паказваецца, што прысуды «гэтым удзельнікам мірнай дэманстрацыі парушаюць фундаментальныя правы і свабоды». Ферэра-Вальднэр заклікала беларускія ўлады паважаць правы беларускіх грамадзян на свабоду сходаў і самавыражэння.

Камісар ЕЗ па знешняй палітыцы зноў заявіла аб тым, што вызваленне ўсіх палітвязняў, захаванне права на свабоду сходаў і СМІ, правядзенне свабодных і справядлівых парламенцкіх выбараў стане «тым крокам беларускіх уладаў, які дазволіць ЕЗ адрэагаваць станоўча».

Апошнія навіны