Яшчэ адна крымінальная справа супраць дырэктара дзяржпрадпрыемства
- 30.06.2008, 9:36
Пракуратура Магілёўскай вобласці завяла яшчэ адну крымінальную справу па фактах прычынення шкоды РУВП "Ольса". Гэтым разам пад крымінальны пераслед патрапіў яго генеральны дырэктар Генадзь Матлахаў.
Буйное дзяржаўнае прадпрыемства спецыялізуецца ў выпуску кемпінгавай мэблі і мэблі медыцынскага прызначэння для ўстановаў аховы здароўя. З палову прадукцыі ідзе ў Расею, Украіну, Казахстан і краіны Балтыі, піша "Ежедневник".
Упраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС зацікавілася дзейнасцю РУВП "Ольса" яшчэ ў пачатку 2008 года. У сакавіку пракуратурай Магілёўскай вобласці была заведзена першая крымінальная справа. Спачатку па факце прычынення прадпрыемству шкоды на суму больш чым у 300 тыс. даляраў.
Праз два месяцы крымінальная справа была заведзена ўжо адносна камерцыйнага дырэктара Змітра Іёрына, якога завінавацілі ў здзяйсненні злачынства па ч.3 арт.424 КК РБ (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае службовай асобай на адказнай пасадзе, альбо пры выкананні функцыяў па раздзяржаўленні ці прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці, альбо з цяжкімі наступствамі).
Камерцыйны дырэктар падазраваўся ў тым, што дзейнічаў у асабістых інтэрасах і прычыніў прадпрыемству шкоду памерам у 1,03 млрд рублёў.
І вось у часе папярэдняга разгляду, ужо праз месяц, пракуратура Магілёўскай вобласці заводзіць яшчэ адну крымінальную справу – адносна генеральнага дырэктара РУВП "Ольса" Генадзя Матлахава. Яму таксама інкрымінуецца ч.3 арт.424 КК РБ. Нібыта з кастрычніка 2005-га па снежань 2007 года, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, ён прычыніў прадпрыемству шкоду на суму ў 2,8 млрд рублёў.
Як бачна, нанесеная РУВП "Ольса" шкода павялічваецца ажно-такі ў геаметрычнай прагрэсіі. А разгляд справы яшчэ далёкі ад сканчэння. На самім прадпрыемстве па-ранейшаму адмаўляюцца каментаваць крымінальны пераслед кіраўнікоў.