BE RU EN

Лукашэнка вызваліць ад штрафу і канфіскацыі, калі яго «папросяць»

  • 30.06.2008, 11:16

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які пашырае сферу выкарыстання механізму вызвалення суб'ектаў гаспадарання ад адміністрацыйнай адказнасці.

Калі раней юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі маглі быць вызвалены беларускім кіраўніком толькі ад адміністрацыйнага штрафу, то праз тры месяцы Лукашэнка тэарэтычна зможа вызваліць іх яшчэ і ад канфіскацыі і спагнання кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, піша «Ежедневник».

Механізм вызвалення суб'ектаў гаспадарання ад адміністрацыйнага (раней эканамічнага) спагнання ў выглядзе штрафу быў закладзены Указам №481 ад 17.10.2005 года "Аб парадку вызвалення юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў ад адміністрацыйных спагнанняў".

Дакумент быў прыняты з мэтай прадухілення неабгрунтаванай эканамічнай няспраўнасці (банкруцтва) суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, захавання і развіцця вытворчасцяў, найбольш значных для Рэспублікі Беларусь і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак.

Тыя, хто вядзе бізнэс у Беларусі, разумеюць, што адміністрацыйныя штрафы для камерцыйных арганізацыяў - гэта зусім не тое, што штрафы для алкаголікаў. Гэткія штрафы разбурылі не адно прадпрыемства. Прычым дзяржаўныя прадпрыемствы траплялі пад гэты прэс нават часцей за прыватныя, што не раз ставіла іх на мяжу жыцця.

А дзяржава ж з гэтага нічога не выйгравала, бо накладанне штрафу на дзяржпрадпрыемства з’яўляецца толькі перакладаннем дзяржавай грошай з адной кішэні ў другую. Для ўхілення такога становішча і быў прыняты Указ №481. Паводле дакумента юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, ахвочыя вызваліць сябе ад цяжару адміністрацыйнага штрафу, маглі звярнуцца з адпаведным хадайніцтвам у адмыслова створаную міжведамную камісію, якая рыхтавала паданне для Лукашэнкі.

Як часта выкарыстоўваўся гэты ўказ, невядома, бо публічна ніхто такой статыстыкі не агучваў. Аднак, як бачна з занясення ў яго зменаў наконт пашырэння сферы ўжывання, ён відавочна не быў "мёртвым". Паводле апошніх зменаў, апрача штрафу Лукашэнка зараз зможа вызваліць суб'ектаў гаспадарання ад канфіскацыі, а таксама спагнання кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

Зрэшты, падобныя змены носяць, бадай, фармальны характар. Як паказаў нядаўні выпадак з арыштаванымі за парушэнне мытнага заканадаўства аўтамабілямі "Фіат-Дуката" і "Вольва ХС-90", увезенымі ў Беларусь для ўдзелу ў міжнароднай выставе "Менскі аўтасалон", Аляксандр Лукашэнка зусім не мае патрэбы ў заканадаўчым замацаванні сваіх правоў і выкананні нейкіх фармальных працэдураў.

Апошнія навіны