Інтэрнет-рэферэндум па закону «Аб СМІ»
- 30.06.2008, 13:37
Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) прапануе ўсім выказаць сваё стаўленне да новага законапраекту «Аб СМІ» шляхам галасавання на інтэрнет-старонцы арганізацыі.
Прэс-служба БАЖ нагадвае, што гэты дакумент быў прыняты "палатай прадстаўнікоў" у двух чытаннях і ўхвалены "саветам рэспублікі" — нягледзячы на шматлікія заклікі беларускай і міжнароднай грамадскасці не прымаць закону паспешліва, наладзіць яго шырокае грамадскае абмеркаванне і дачакацца міжнароднай экспертызы.
Найбольшыя пытанні выклікае тое, што ўлады змогуць блакаваць усе Інтэрнэт-СМІ, не зарэгістраваныя ў Беларусі ў якасці сродку масавай інфармацыі.
Паводле Закона аб СМІ, пералік парушэнняў, за якія можна вынесці папярэджанне ў адрас рэдакцый, размыты і неабмежаваны, а прыпыніць выданне друкаванага СМІ можна нават за адно папярэджанне. Пры гэтым выносіць папярэджанні выданням зможа не толькі Міністэрства інфармацыі, але і любы суддзя, пракурор або чыноўнік любога райцэнтра.
Падчас першага галасавання ў "палаце прадстаўнікоў" «супраць» законапраекта выказаўся ўсяго адзін з больш як 90 дэпутатаў, падчас другога — два.
А як ставіцца да дакумента беларуская інтэрнет-супольнасць? Галасаваць можна ТУТ.