Войцэх Ярузельскі паўстане перад судом
- 30.06.2008, 15:08
Апеляцыйны суд Варшавы адмяніў рашэнне акруговага суда аб накіраванні справы генерала Войцэха Ярузельскага на даследаванне. У гэтай сувязі судовыя слуханні па справе аб увядзенні ў Польшчы ваеннага становішча ў 1981 годзе могуць пачацца ў бліжэйшы час.
Інстытут нацыянальнай памяці абвясціў аб заканчэнні расследавання справы Ярузельскага яшчэ ў красавіку 2007 года. Абвінавачванні ў незаконным увядзенні ваеннага становішча і рэпрэсіях, якія пацягнуліся за ім, былі прад’яўленыя, акрамя былога прэм’ер-міністра Войцэха Ярузельскага, яшчэ васьмёрым вышэйшым партыйным і дзяржаўным функцыянерам, піша Gazeta.pl.
14 мая 2008 года акруговы суд Варшавы адмовіўся разглядаць справу, заявіўшы, што пад час расследавання былі сур’ёзныя недагляды. У прыватнасці, акруговы суд патрабаваў дапытаць Міхаіла Гарбачова і Маргарэт Тэтчэр, якія кіравалі СССР і Вялікабрытаніяй у перыяд кіравання ў Польшчы Ярузельскага. Інстытут нацыянальнай памяці аспрэчыў гэтае рашэнне ў апеляцыйным судзе, нагадвае Lenta.ru.
Войцэх Ярузельскі ў снежні 1981 года, будучы адначасова прэм’ер-міністрам і міністрам абароны Польшчы, а таксама генеральным сакратаром Кампартыі, увёў ваеннае становішча і забараніў дзейнасць незалежнага прафсаюза "Салідарнасць". Тым не менш, на парламентскіх выбарах у 1989 годзе "Салідарнасці" атрымалася парушыць манаполію Кампартыі на ўладу, а ў 1990 годзе, з прыходам да ўлады прафсаюзнага лідэра Леха Валенсы, Польшча перастала быць сацыялістычнай.
Інстытут нацыянальнай памяці з’яўляецца асноўным дзяржаўным органам Польшчы, які адказвае за люстрацыйныя працэдуры.