Прадстаўніка АГП у Цэнтрвыбаркаме пасадзілі ў турму на 7 сутак
- 30.06.2008, 18:54
Адзін з лідэраў моладзевай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі "Маладыя дэмакраты", прадстаўнік АГП у Цэнтрвыбаркаме Міхаіл Пашкевіч прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 7 сутак арышту.
Актывіст АГП быў затрыманы 28 чэрвеня ў раёне чыгуначнага вакзалу Менска, калі накіроўваўся на сустрэчу з таварышам. Супрацоўнікі міліцыі традыцыйна абвінавацілі актывіста ў "нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы". Затрыманне адбылося адразу пасля таго, як палітрада АГП дэлегаваў М.Пашкевіча ў Цэнтральную выбарчую камісію ў якасці назіральніка ад партыі.
Сёння суддзя Рыта Шаграй прысудзіла апазіцыянера да 7 сутак арышту нібыта за здзяйсненне«дробнага хуліганства». Раней выказваліся асцярогі, што пасля адміністрацыйнага арышту можа адбыцца заключэнне Пашкевіча пад варту на больш доўгі тэрмін. У красавіку Пашкевіч быў прысуджаны разам з іншымі ўдзельнікамі "Працэса-14" да абмежавання волі (без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы адкрытага тыпу) тэрмінам на два гады за ўдзел у акцыі салідарнасці з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якая адбылася 10 студзеня ў Менску.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька ў сувязі з арыштам назіральніка ад партыі заявіў у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97:
«Пакуль да шчасця невядома дакладна, ці ўзбуджаная супраць Пашкевіча крымінальная справа. Адвакату Святлане Гарбаток сёння заявілі ва Ўпраўленні унутраных справаў Кастрычніцкага раёна Менска, што супраць Міхаіла Пашкевіча высунутае абвінавачванне па артыкуле 339 Крымінальнага кодэкса Беларусі ("хуліганства"). Дадзены артыкул мяркуе да двух гадоў пазбаўлення волі. Але наколькі гэта дакладная інфармацыя, пакуль сказаць складана. Пакуль ёсць рашэнне суду ў рамках адміністрацыйнага кодэкса. Безумоўна, яно палітычнае і незаконнае. Акрамя таго, рашэнне суду па акцыі прадпрымальнікаў яшчэ не ўступіла ў законную сілу, таму звязаць адміністрацыйны арышт Міхаіла Пашкевіча з «Працэсам-14» немагчыма. Прысуд уступіць ў сілу пасля разгляду касацыйнай скаргі.
Для нас сённяшні арышт Пашкевіча – гэта доказ таго, як разыходзяцца словы Лукашэнкі і Ярмошынай аб тым, што яны пачынаюць «самую дэмакратычную і свабодную выбарчую кампанію ». Пашкевіч быў абраны партыяй назіральнікаму ЦВК. Ягоны арышт мы звязваем з тым, што вось такім чынам пачалася выбарчая кампанія. Назіраць Міхаіл будзе не за выбарамі, а за кавалачкам неба праз краты турмы».