BE RU EN

Для выступлення на вяселлі артысты павінныя атрымліваць дазвол уладаў

  • 30.06.2008, 15:59

Для выступлення артыста або музычнага калектыва на вяселлі, карпаратыўнай вечарынцы або іншым прыватным мерапрыемстве неабходна атрымаць гастрольнае пасведчанне.

Аб гэтым на прэс-канферэнцыі 30 чэрвеня ў Менску паведаміла начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Алена Вешторт, каментуючы ўказ ад 13 мая № 259 "Аб арганізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці", пішуць «Белорусские новости».

Па ейных словах, указам змененае паняцце гастрольна-канцэртнай дзейнасці: зараз да яе адносіцца не толькі канцэртная дзейнасць, якая прыносіць прыбытак, але і дабрачынныя выступы. Каб арганізаваць канцэрт, арганізацыя павінна падаць заяўку на ягонае правядзенне ў аддзел культуры мясцовай адміністрацыі, атрымаць гастрольнае пасведчанне і аплаціць дзяржмыту.

А.Вешторт паведаміла, што дзеянне ўказу таксама распаўсюджваецца на вяселлі або выпускныя вечары, куды запрашаюцца музычныя калектывы пры той умове, калі канцэрт арганізуецца юрыдычнай (рэстаранам або школай), а не фізічнай асобай.

Па ейных словах, заяўка на правядзенне канцэрту павінная быць разгледжаная на працягу пяці дзён пасля яе падачы. Пры ўпраўленні культуры гарадскіх і абласных выканкамаў павінныя быць створаныя экспертныя камісіі, якія "пры неабходнасці ажыццяўляюць прагляд і праслухоўванне канцэртных праграм і даюць рэкамендацыі па выдачы гастрольных пасведчанняў".

За правядзенне канцэртаў без гастрольнага пасведчання прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць: для індывідуальнага прадпрымальніка штраф ад 20 да 200 базавых велічыняў, для юрыдычнай асобы — да 500 базавых велічыняў з канфіскацыяй прыбытку, атрыманага ад незаконнай дзейнасці.

Указ уступіў у сілу 1 чэрвеня 2008 года. Па меркаванні стваральнікаў указу, "дакумент прыняты ў мэтах абароны правоў спажыўцоў паслуг культуры шляхам упарадкавання ўсёй сферы гастрольна-канцэртнай працы, недапушчэнні правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў нізкага мастацкага ўзроўня альбо прадстаўляючых пагрозу маральнасці, грамадскаму парадку, правам і свабодам грамадзянаў".

Апошнія навіны