Улады пазбавілі памяшкання яшчэ адну незалежную газету
- 30.06.2008, 16:11
Нясвіжскі райвыканкам не працягнуў дамову на арэнду памяшкання пад карэспандэнцкі пункт недзяржаўнай газеце "Нясвіжскі час".
Перад гэтым дамова ўжо была падпісаная выдаўцом і дырэктарам жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пра гэта сведчыць ліст, які рэдакцыя атрымала сёння з ЖКГ, паведамляе “Еўрарадыё”.
Між тым, карэспандэнцкі пункт існаваў у гэтым памяшканні цягам некалькіх гадоў. Аднак цяпер нясвіжскія ўлады вядуць наступ на незалежную прэсу. Спачатку забаранілі прадаваць "Нясвіжскі час" у крамах, замяніўшы яе там выканкамаўскімі "Нясвіжскімі навінамі". Пасля з'явілася забарона на продаж газеты ў шапіках "Саюздруку".
Дарэчы, большасць пакояў у будынку, дзе раней знаходзіўся карпункт, пустуе.
Нагадаем, адзінаму незалежнаму выданню Гарадзеншчыне “Газеце Слонімскай” з 1 чэрвеня адмовілі ў арэндзе памяшкання, якое рэдакцыя здымала сем гадоў. Перамовы з гарадзкімі ўладамі выніку не далі, а знайсьці новае памяшканьне, нават у прыватных уласьнікаў, дагэтуль не атрымліваецца.
Некалькі месяцаў таму паводле вуснага загаду мясцовых чыноўнікаў газэту забаранілі прадаваць у крамах Слоніма, аднак ліцэнзію на дробны гандаль (газэта распаўсюджваецца прыватнымі асобамі) усё ж працягнулі. Аднак вось ужо на працягу двух гадоў газэта ня ўключана ў каталёг падпіскі “Белпошты” і не прадаецца ў шапіках “Белсаюздруку”.
У траўні “Газета Слонімская” стала ляўрэатам прэміі нямецкага фонду “Цайт” за асьвятленьне падзей у рэгіёне.