BE RU EN

Будынак былой Нацыянальнай бібліятэкі будзе знесены

  • 30.06.2008, 16:57

У Менску на месцы былога будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па вуліцы Чырвонаармейскай, 9 запланаванае ўзвядзенне адміністрацыйнага будынка для размяшчэння "парламента" і Канстытуцыйнага суду.

Як паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, гэта прадугледжана пратаколам даручэння Аляксандра Лукашэнкі ад 3 чэрвеня 2008 года. Такім чынам, канстатаваў А.Астаповіч, адзін з нешматлікіх помнікаў архітэктуры эпохі канструктывізму ў Менску будзе знесены.

Па ягоных словах, Лукашэнка даручыў ураду прадугледзець у праекце Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2009—2010 гады будаўніцтва новага будынка на месцы таго, які знясуць, па вуліцы Чырвонаармейскай, 9.

Упраўленню справамі Лукашэнкі даручана сумесна з "нацыянальным сходам", саветам міністраў і Канстытуцыйным судом у двухмесяцавы тэрмін занесці прапановы па зносе былой Нацыянальнай бібліятэкі і ўзвядзенню на яе месцы новай пабудовы "з архітэктурным абліччам будынка, які знясуць" для размяшчэння "палаты прадстаўнікоў" і "савета рэспублікі" "нацыянальнага схода", а таксама Канстытуцыйнага суду.

Як адзначыў А.Астаповіч, планы зносу помніка архітэктуры эпохі канструктывізму сведчаць аб тым, што "працэс аховы гісторыка-культурнай спадчыны цалкам выйшаў з-пад дзяржаўнага і грамадскага кантролю".

"Даручэнне Лукашэнкі кажа аб тым, што ў працэс разбурэння помнікаў архітэктуры ўключаюцца беларускі кіраўнік, а таксама ўрад, "парламент" і Канстытуцыйны суд — органы, якія закліканыя стаяць на абароне законаў", — сказаў А.Астаповіч.

Даведка БелаПАН. Будынак Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя Ўладзіміра Леніна (пазней — Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь) пабудаваны ў Менску ў 1929—1932 гадах па праекце архітэктара Георгія Лаўрова. У Менску захавалася некалькі будынкаў у стылі канструктывізму або з ягонымі рысамі, у тым ліку фабрыка-кухня, Дом ўрада, абсерваторыя, прэзідыўм Нацыянальнай акадэміі навук і шэраг будынкаў універсітэцкага гарадка.

Апошнія навіны