BE RU EN

Амерыканскія лекары будуць сведчыць па «справе Зэльцэра»

  • 4.06.2008, 8:49

Адвакат грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра Дзмітрый Гарачка запрасіў дакументы ў яго лекара аб тым, якія лекі Зэльцэр прымаў апошнія 15 гадоў.

"Я даслаў запыт да лекара майго падабароннага, каб ён пацвердзіў, што Э.Зэльцэр на працягу апошніх 15 гадоў прымаў лекі, якія ў яго былі канфіскаваныя пры затрыманні ў Менску", - паведаміў "Інтэрфаксу" Д.Гарачка.

Па ягоных словах, "неўзабаве я разлічваю атрымаць з ЗША гэтыя дакументы ад лекара, у якога мой падабаронны лячыўся ў апошнія гады". Адвакат паведаміў, што абвінавачанне па артыкулах аб распаўсюдзе і кантрабандзе наркотыкаў Э.Зэльцэру яшчэ не высунута.

Як раней паведамляў "Інтэрфакс", са спасылкай на начальніка Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі Валерыя Надтачаева, на мінулым тыдні адносна Э.Зэльцэра была распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 228 (кантрабанда наркатычных сродкаў) і ч 1. арт. 328 (незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсараў) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Па словах В.Надтачаева, у яго было канфіскавана больш за 100 пігулак, у складзе якіх знойдзены наркатычныя і псіхатропныя рэчывы". Па ягоных словах, у яго былі забраныя "Кадэін", "Гідракадон", "Буталбітал", "Фэнтэрмін".

В.Надтачаеў адзначыў, што цяпер працягваецца дасудовае расследаванне, матэрыялы крымінальнай справы могуць быць перададзены ў суд на працягу чэрвеня. Па ягоных словах, было выканана комплекснае медыцынскае абследаванне Э.Зэльцэра, якое выявіла, што ён можа ўтрымлівацца ва ўмовах следчага ізалятара.

У КДБ нагадалі, што Э.Зэльцэр быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 12 сакавіка 2008 года ў Менску. Ён быў абвінавачаны ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 380 "Выкарыстанне загадзя падробнага афіцыйнага дакумента, які надае правы, групай асобаў па папярэдняй змове" Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Цяпер Э.Зэльцэр знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ у Менску.

Адвакат Э.Зэльцэра Дзмітрый Гарачка паведаміў "Інтэрфаксу", што "па версіі следства, Э.Зэльцэр перавозіў, захоўваў і перамяшчаў на тэрыторыі Беларусі наркатычныя і псіхатропныя рэчывы". "Але гэта лекі, якія прымаў мой падабаронны. Гэта лекі, якіх яго пазбавілі ў СІЗА", - падкрэсліў Д.Гарачка.

Э.Зэльцэр быў затрыманы 12 сакавіка 2008 года ў аэрапорце Менска, куды прыляцеў для кароткатэрміновай сустрэчы. У СМІ выказвалася думка, што арышт адваката звязаны са справай памерлага ў Лондане грузіна-расейскага бізнэсмэна Бадры Патаркацышвілі, які быў кліентам Э.Зэльцэра.

Э.Зэльцэр, былы савецкі эмігрант, з'яўляецца экспертам па арганізаванай злачыннасці і адмыванню грошай у Расеі і былых савецкіх рэспубліках. У 2000-2001 гадах быў адвакатам затрыманага ў Нью-Ёрку Дзяржсакратара "саюза" Беларусі і Расеі Паўла Барадзіна.

Э.Зэльцэр фігураваў у справе аб меркаваным адмыванні грошай праз Bank of New York.

Апошнія навіны