ДАІ патрабуе канфіскацыі аўтамабіля, нават калі за рулём не ўладальнік
- 4.06.2008, 9:50
Канфіскацыя транспартнага сродку за паўторнае кіраванне ў нецвярозым выглядзе на працягу года павінна здзяйсняцца нават у тым выпадку, калі за рулём знаходзіўся не ўладальнік аўтамабіля.
Такое меркаванне выказаў сёння журналістам намеснік начальніка кіравання ДАІ МУС Беларусі Ігар Ваніцкі.
"Не мае значэння, хто знаходзіцца за рулём у нецвярозым стане, - лічыць Ігар Ваніцкі. - Уласнік транспартнага сродку мусіць ведать, каму ён перадае свой аўтамабіль. Такая мера павінна падвысіць адказнасць як уладальнікаў машынаў, так і тых, каму яны давераны для кіравання. Менавіта такую пазіцыю займае МУС".
Па словах прадстаўніка ДАІ, механізм рэалізацыі гэтай нормы цяпер знаходзіцца ў стадыі абмеркавання і ўзгаднення ў розных інстанцыях. Мяркуецца, што гэтая норма будзе занесена ў якасці зменаў у дзейны Адміністрацыйны кодэкс.
Што да непасрэднага механізму канфіскацыі, то, на думку Ігара Ваніцкага, канфіскацыя можа здзяйсняцца паводле рашэння суду або адміністрацыйных камісіяў выканкамаў, паведаміла БелТА.