BE RU EN

Штанге «вельмі расчараваны», што матч Германія - Беларусь не быў паказаны на БТ

  • 4.06.2008, 14:11

Галоўны трэнер беларускай футбольнай зборнай Бернд Штанге "вельмі расчараваны" тым, што таварыскі матч з Германіяй, які адбыўся 27 мая ў Кайзерслаўтэрне і завяршыўся ўнічыю 2:2, не быў паказаны на беларускім тэлебачанні.

"Як трэнер я, вядома, не ведаю прычын, чаму беларускія заўзятары не ўбачылі гэтую класную гульню, якую транслявалі з дапамогай 28 тэлекамер з ужываннем найноўшых тэхналогій. Аднак неабходна паляпшэнне маркетынгавай палітыкі ў футболе", — заявіў Б.Штанге сёння на прэс-канферэнцыі.

Яшчэ адным адмоўным момантам трэнер назваў адсутнасць беларускіх журналістаў на матчы з Германіяй, перадае БелаПАН.

"З дапамогай СМІ мы павінныя зрабіць беларускі футбол больш прывабным, і тады на фінал Кубка прыйдзе не восем, а трыццаць тысяч чалавек, а на матч з Аргентынай, які будзе ш жніўні, — не дваццаць, а сорак тысяч", — лічыць Б.Штанге. Ён выказаў надзею, што тэлебачанне знойдзе магчымасць паказаць фрагменты матчу зборнай Беларусі з Германіяй — бронзавым прызёрам апошняга чэмпіянату свету і пятым нумарам сусветнага рэйтынгу.

Па інфармацыі Белтэлерадыёкампаніі, правы на трансляцыю з Кайзерслаўтэрна не атрымалася набыць з-за высокага кошту. Таварыскі матч з Фінляндыяй 2 чэрвеня ў Турку (1:1) быў паказаны, але не з пачатку, а з 29-й хвіліны з-за слабога сігналу.

Апошнія навіны