Міхаіл Гарбачоў: Ахвяры Катыні павінны быць рэабілітаваныя, а Ленін пахаваны
- 4.06.2008, 16:14
Беларускія і польскія вайскоўцы, расстраляныя ў 1940 годзе ў Катыні, павінны быць рэабілітаваныя, а цела Леніна павінна быць пахавана, лічыць былы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў.
На пытанне «Інтэрфакса» аб тым, чаго асцерагаюцца расейскія ўлады, адмаўляючы ў рэабілітацыі расстраляных беларускіх і польскіх афіцэраў, Гарбачоў адказаў: "Гэта трэба іх спытаць, але працэс рэабілітацыі павінен быць завершаны".
Экс-прэзідэнт СССР таксама лічыць, што цела бальшавіцкага правадыра Ўладзіміра Леніна павінна быць вынесенае з Чырвонай плошчы і пахавана. "Мы прыйдзем да таго, каб каля Крамлёўскай сцяны не было могілкаў і цела Леніна. Ён павінен быць адданы зямлі", - сказаў палітык.
Пры гэтым ён заклікаў пераўтварыць Бутырскую турму ў Маскве ў музей памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій і давесці да лагічнага завяршэння рэабілітацыю рэпрэсаваных па палітычных матывах.
Нагадаем, Хамоўнічаскі суд Масквы 27 мая адмовіўся прыняць скаргу адвакатаў, што прадстаўлялі інтэрасы сваякоў расстраляных падчас Другой сусветнай вайны ў Катыні беларускіх і польскіх афіцэраў.
Прадстаўнікі сваякоў загінулых абскардзілі ў Масгарсудзе рашэнне аб спыненні расследавання справы, паколькі настойваюць на працягу "Катынскай справы" і рэабілітацыі расстраляных у 1943 году ў Катынскім лесе беларускіх і польскіх афіцэраў.
У 2005 году "Катынская справа" была спыненая, паколькі галоўная ваенная пракуратура Расеі «не выявіла генацыду ў адносінах польскіх грамадзян». Ні адзін са сваякоў загінулых не быў прызнаны пацярпелым. Пры гэтым пракуратура, спасылаючыся на сакрэтнасць, адмаўляе зацікаўленым асобам у праве азнаёміцца з тамамі «Катынскай справы», якіх больш за 180.
Больш за 14 тыс. беларускіх і польскіх афіцэраў былі інтэрнаваныя восенню 1939 года на тэрыторыю СССР. У 1943 годзе, праз два гады пасля акупацыі нямецкімі войскамі заходніх раёнаў СССР, з'явіліся паведамленні аб тым, што супрацоўнікі НКУС расстралялі польскіх афіцэраў у Катынскім лесе, размешчаным у 14 км да захаду ад Смаленска. Былі эксгумаваныя целы больш 4 тыс. чалавек. Савецкая камісія ў 1944 годзе абвінаваціла ў растрэле афіцэраў нямецкі бок.