BE RU EN

Анатоль Лябедзька: «Улада плануе ў чарговы раз прызначыць 110 дэпутатаў»

  • 5.06.2008, 9:18

"Улада не пакідае нам выбару. Змены ў Выбарчы кодэкс, падрыхтаваныя Нацыянальным Камітэтам АДС, кінутыя ў кош. Гэта значыць, што ўлада плануе ў чарговы раз прызначыць 110 дэпутатаў. Рэагаваць трэба ўжо сёння", -- заявіў у інтэрв'ю газеце "Товарищ" лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Лідэр АГП паведаміў, што апазіцыйныя партыі пакідаюць за сабой права зняць усіх сваіх кандыдатаў за некалькі дзён да галасавання, калі прадстаўнікі АДС не будуць мець магчымасці ўдзельнічаць у падліку галасоў. "Гэта лагічна. Калі за падтрымку і галасы выбарцаў змагаюцца як прыхільнікі цяперашняга палітычнага курсу, так і яго апаненты, то і тыя, і іншыя павінны прымаць удзел у падліку галасоў. У іншым выпадку гэта лахатрон", -- адзначыў палітык.

Палітык згодзен, што сёння ў людзей няма адчування важнасці і значнасці "палаты прадстаўнікоў", але пры гэтым усё роўна мае намер удзельнічаць у "выбарах".

"Гэта сапраўды так. І прычына ў тым, што ў краіне вось ужо 12 гадоў няма парламента. "Палата прадстаўнікоў" сёння выконвае функцыю аддзела адміністрацыі Лукашэнкі. Па-другое, у выбарцаў забралі права выбару. Дэпутат залежыць не ад выбарца, які галасуе, а ад кіраўніка, які яго прызначае. Прызначаны дэпутат - гэта тыповы чыноўнік, эканамічна і палітычна залежны ад таго, каго ён у нармалёвых умовах павінен кантраляваць.

Вядома, у "палаты прадстаўнікоў" не тыя функцыі і паўнамоцтвы, што ў разагнанай ў 1996 годзе Вярхоўнай Рады 13-га склікання. Але гэтая структура ў стане ўздзейнічаць на сітуацыю. Чаму гэтага не адбываецца? Таму што дэпутатаў прызначаюць, і там 12 гадоў няма прадстаўнікоў АДС. Як вынік, у пяці з паловай мільёнаў людзей адабралі сацыяльныя гарантыі, у некалькіх сотняў тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў перспектыву, выключылі з закона гарантаваны 48 дзённы адпачынак для настаўнікаў. Спіс стратаў гэтым не сканчаецца. І усё гэта зрабіла "палата прадстаўнікоў", -- кажа Лябедзька.

На пытанне, ці можна праводзіць выбары ў сітуацыі, калі Цэнтральную выбарчую камісію ўзначальвае такая адыёзная асоба, як Ярмошына, лідэр АГП адказаў: "А што, калі заўтра Лукашэнка правядзе ракіроўку і месца Ярмошынай, напрыклад, зойме Пяткевіч, што - сітуацыя зменіцца? Адказ відавочны - не. Змяняць трэба заканадаўства і практыку яго ўжывання. Як толькі ўлада пагодзіцца праводзіць выбары па стандартах АБСЕ, у ЦВК тут жа будуць уключаны прадстаўнікі ўсіх палітычных суб'ектаў, якія прымаюць удзел у выбарчай кампаніі. Прычым яны не будуць сядзець на прыстаўным зэдліку з правам дарадчага голасу, а мець роўныя правы з ярмошынамі, лазавікамі і іншымі жанглёрамі лічбаў".

Анатоль Лябедзька таксама заяўляе пра неабходнасць выходзіць на пратэставыя акцыі ў дзень галасавання.

"Улада не пакідае нам выбару. Змены ў Выбарчы кодэкс, падрыхтаваныя Нацыянальным Камітэтам АДС, кінуты ў кош. Прапановы па карэктоўцы праваўжывальнай практыкі адсунуты Цэнтравыбаркамам. Гэта значыць, што ўлада плануе ў чарговы раз прызначыць 110 дэпутатаў. Рэагаваць трэба ўжо сёння. Асабліва калі ўлічыць, што ў нас няма магчымасці хутка інфармаваць людзей", -- лічыць старшыня АГП.

Апошнія навіны