BE RU EN

На АЭС у Славеніі адбылася ўцечка

  • 5.06.2008, 11:06

Славенія ў сераду пачала працэс спынення адзінай атамнай электрастанцыі ў краіне ў сувязі з уцечкай у сістэме ахалоджвання, пераказвае агенцтва France Presse.

Улады рэспублікі абвясцілі, што інцыдэнт на АЭС у Кршко не нясе небяспекі для насельніцтва і навакольнага асяроддзя. Уцечкі радыёактыўных матэрыялаў не адбылося, працэс спынення рэактара адбываецца ў штатным рэжыме.

Супрацоўнік АЭС не змог паведаміць агенцтву, на які тэрмін спынена станцыя. Спецыялістам належыць вызначыць месца ўцечкі і спосабы яе скасавання, і толькі пасля прыступіць да рамонтных працаў.

Між тым усім 27 дзяржавам-сябрам ЕЗ было перададзена папярэджанне пра здарэнне на АЭС у Кршко па каналах Еўрапейскай сістэмы абмену тэрміновай радыёлагічнай інфармацыяй (ECURIE). Згодна з правіламі, любая краіна ЕЗ абавязана распаўсюдзіць інфармацыю пра няштатную сітуацыю, звязаную з магчымым радыёактыўным заражэннем. Сістэма была ўведзеная ў дзеянне ў 1987 годзе пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, нагадвае агенцтва.

АЭС у Кршко размешчаная на ўсход ад сталіцы Славеніі Любляны. Электрастанцыя, запушчана ў 1983 годзе, запрацавала зноў у лістападзе 2007 года пасля рамонту. У выніку працаў цягам месяца была ўмацавана ізаляцыя рэактара і заменены 53 са 121 паліўнага элемента. Акрамя таго, было наладавана новае абсталяванне для падвышэння ўзроўню бяспекі.

Станцыя забяспечвае каля 20 адсоткаў электраспажывання ў Славеніі і недзе 15 адсоткаў у Харватыі, якая таксама з'яўляецца ўласнікам прадпрыемства. Мяркуецца, што пад 2017 год на АЭС у Кршко будзе запушчаны другі рэактар.

Апошнія навіны