BE RU EN

Суд па справе аб «жывым шчыце» пачнецца 19 чэрвеня

  • 5.06.2008, 11:45

Пачатак разгляду крымінальнай справы адносна супрацоўнікаў ДАІ, якія затрымлівалі на трасе "Менск-Мікашэвічы" п'янага кіроўцу, прызначаны на 19 чэрвеня, паведамілі "Інтэрфаксу" у судзе Менскага раёна і Заслаўя.

У суд перададзены матэрыялы крымінальнай справы адносна двух супрацоўнікаў ДАІ Кастрычніцкага раёна Менска. Адносна яшчэ дваіх крымінальная справа спынена з прычыны адсутнасці ў іх дзеяннях складу злачынства. "У часе дасудовага расследавання было вызначана, што двое супрацоўнікаў ДАІ, адносна якіх спынена крымінальная справа, прыехалі на месца здарэння, калі п'яны кіроўца быў ужо спынены", - удакладнілі ў пракуратуры.

У сваю чаргу адвакат 6-ці асобаў, якія праходзяць па гэтай справе ў якасці пацярпелых, Вера Страмкоўская паведаміла "Інтэрфаксу", што "усё 6 чалавек падалі грамадзянскі іск адносна супрацоўнікаў ДАІ на суму Br50 млн кожны ў якасці пакрыцця маральнай шкоды". Акрамя гэтага, па словах адваката, "пацярпелыя высунулі іск супрацоўнікам ДАІ памерам у Br25 млн за матэрыяльную шкоду".

Як раней паведамлялася, 14 сакавіка 2008 года пракуратура распачала крымінальную справу адносна 4 супрацоўнікаў аддзела ДАІ Кастрычніцкага РУУС Менска, якія бралі ўдзел у затрыманні п'янага кіроўцы Рамана Мянцюка на трасе "Менск-Мікашэвічы" 2 сакавіка. Крымінальная справа была распачата па ч. 1 арт. 424 "Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі" Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Р.Мянцюк ехаў з хуткасцю 160 км/г, супрацоўнікі ДАІ пачалі пераслед. Супрацоўнікі ДАІ Кастрычніцкага раёна Менска з некалькіх машынаў, у якіх былі людзі, выставілі загароду. Адносна Р.Мянцюка таксама распачата крымінальная справа за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым выглядзе. Ён абвешчаны ў вышук.

Апошнія навіны