BE RU EN

Колькі каштуюць расейскія «ваяжоры»?

  • 5.06.2008, 12:51

У Беларусь з чарговым візітам прыбыла група расейскіх журналістаў.

Для нашай дзяржавы – гэта звыклая практыка. Акул пяра з розных рэгіёнаў краіны-суседкі прывозяць у Беларусь з пэўнай перыядычнасцю і возяць па краіне з тым, каб у далейшым атрымаць дывідэнды ў выглядзе станоўчых артыкулаў пра Беларусь ды яе кіраўніцтва.

Прымаюць расейцаў за кошт беларускіх падаткаплацельшчыкаў. А сума, якая расходуецца на расейскіх “ваяжораў”, – застаецца тайнай за сямю пячаткамі, заўважае “Народная воля”.

На гэты раз у Менск з тыднёвым візітам прыехалі каля двух дзесяткаў прадстаўнікоў СМІ. Сярод іх журналісты такіх вядомых цэнтральных выданняў, як “Независимая газета”, інфармацыйнага агенцтва РИА-«Новости» і іншых.

Расейцаў пасялілі ў сталічнай гасцініцы “Планета”. Згодна з інфармацыяй, размешчанай на сайце гатэля пражыванне ў аднамесным нумары эканом-класа для грамадзян СНД дасягае 50 долараў ЗША. За ўсю групу толькі ў дзень трэба плаціць тысячу долараў. Да гэтага дадайце харчаванне, падарункі…

З аднаго боку, усе гэтыя прома-туры – справа быццам бы карысная. Людзі на ўласныя вочы бачаць, як жывецца ў Беларусі. А з іншага -- трапіўшы на поўны пансіён за кошт прымаючага боку, наўрад ці асмелішся задаваць “нязручныя пытанні”.

Напрыклад, заўтра расейскіх журналістаў будзе прымаць міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў. Ці адважыцца хто-небудзь з тых, хто захапляецца чысцінёй беларускіх вуліц, задаць міністру пытанне: “Дзе Захаранка?”

Апошнія навіны