Беларускі МЗС: Мы не будзем уводзіць санкцыі супраць ЗША
- 5.06.2008, 13:42
"Мы зыходзім з таго, што санкцыі не з'яўляюцца цывілізаваным метадам разрашэння спрэчных сітуацый у міжнародных адносінах", - заявіў на брыфінгу ў МЗС прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Андрэй Папоў.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь будзе абараняць свае інтэрасы адэкватна сітуацыі. "Якім мы будзем рабіць гэта спосабам - час пакажа, якія крокі мы распачнем у гэтым кірунку", сказаў А.Папоў.
Каментуючы спыненне выдачы амерыканскіх віз грамадзянам Беларусі, А.Папоў заявіў, што беларускі бок гэты факт турбуе, але "гэта пытанне адказнасці амерыканскага боку".
"Амерыканскія калегі кажуць, што яны шмат думаюць і клапоцяцца аб беларускіх грамадзянах. Ёсць аснаванне пацвердзіць гэтыя словы рэальнай справай", - падкрэсліў А.Папоў.
Прэс-сакратар МЗС таксама акцэнтаваў увагу на тым, што беларуская амбасада ў ЗША нягледзячы на скарачэнне персанала, "працягвае ў поўным аб'ёме аказваць консульскія паслугі грамадзянам ЗША".
Адказваючы на пытанне, ці адправіцца часовы павераны амбасады Беларусі ў Вашынгтоне ў адпачынак у Менск у сувязі з ад'ездам у адпачынак часовага паверанага ЗША у Беларусі, А.Папоў сказаў: "Мы не займаемся пошукам коткі ў цёмным пакоі", дадаўшы, што любы беларускі дыпламат мае права на чарговы адпачынак.
Прэс-сакратар МЗС таксама ўдакладніў, што ў беларускай амбасадзе ў ЗША не працуюць амерыканскія грамадзяне.
Напярэдадні ў інтэрв'ю "Інтэрфаксу" старшыня дыпмісіі ЗША у Беларусі Джонатан Мур заявіў, што патрабаванне беларускага боку аб скарачэнні колькасці амерыканскіх дыпламатаў у Менску не распаўсюджваецца на беларускіх супрацоўнікаў амбасады.
Нагадаем, яшчэ 13 лістапада 2007 года Мінфін ЗША увёў санкцыі ў адносінах канцэрна "Белнафтахім". У прыватнасці, яны прадугледжвалі замарожванне ўсіх змешчаных пад юрысдыкцыяй ЗША банкаўскіх рахункаў канцэрна "Белнафтахім" і ягоных прадстаўніцтваў у Германіі, Латвіі, Украіне, Расеі і Кітаі, а таксама рахункаў даччынай кампаніі "Белнафтахім Ю-Эс-Эй". Акрамя таго, амерыканскім бізнесменам загадвалася ўстрымацца ад кантактаў з гэтым канцэрнам.
У сакавіку 2008 года былі апублікаваныя ўдакладненні, паводле якіх пад дзеянне санкцый траплялі прадпрыемствы, у якіх "Белнафтахім" валодае прамым або ўскосным прыбыткам у памеры 50% або больш.
Пасля гэтага з Вашынгтона для кансультацый быў адкліканы амбасадар Міхаіл Хвастоў. 12 сакавіка Менск па патрабаванні беларускага боку пакінула амбасадар ЗША Карэн Сцюарт. Затым амерыканскаму боку было рэкамендавана скараціць колькасць супрацоўнікаў дыпмісіі. У адказ амбасада ЗША заявіла аб прыпыненні разгляду заяў на атрыманне і выдачу віз. 27 сакавіка Менск пакінулі 17 амерыканскіх дыпламатаў.
31 сакавіка Беларусь прыняла рашэнне аб дадатковым скарачэнні персанала сваёй амбасады ў Вашынгтоне і прапанавала ЗША зрабіць тое ж самае. ЗША адмовіліся яшчэ раз скарачаць колькасць сваіх супрацоўнікаў. 30 красавіка МЗС Беларусі абвясціў 10 амерыканскіх дыпламатаў персонамі нон грата. 3 мая яны пакінулі Беларусь.