BE RU EN

Андрэй Саньнікаў: «Учынак Вольгі Сяньковай дае нам усім надзею»

  • 5.06.2008, 14:27

Былы намесьнік міністра замежных спраў, зараз міжнародны кардынатар Хартыі’97 Андрэй Саньнікаў, які падаў у адстаўку ў лістападзе 1996 году, пратэстуючы супроць правядзеньня незаконнага рэфэрэндуму, пракамэнтаваў учынак дырэктаркі Салігорскай школы №4 Вольгі Сяньковай.

“Гэта вельмі мужны крок, яго можна толькі вітаць. Ён дае нам усім надзею. Надзею і на тое, што ў краіне ёсьць сумленныя людзі, гатовыя бараніць ня толькі сваю годнасьць. У дадзеным выпадку і годнасьць сваіх вучняў. Такія людзі могуць і павінны быць прыкладам. На жаль, апошнім часам мы ўсё радзей чуем пра такія ўчынкі. Мы ведаем, што шмат людзей незадаволеныя існуючымі парадкамі, але яны абіраюць канфармісцкі, прыстасавальніцкі шлях. Думаю, што гэта так ці інакш на іх адаб’ецца, бо нельга верыць у іншае і адначасова служыць гэтаму рэжыму, нельга жыць працяглы час падвойным жыцьцём. Гэта складана псыхалягічна і нават фізычна”, -- заявіў Саньнікаў у інтэрв’ю “Радыё Свабода”.

Андрэй Саньнікаў згадаў свае перажываньні падчас выхаду ў адстаўку на знак пратэсту. Паводле яго, псыхалягічна зрабіць гэта было вельмі цяжка. Бо давялося адразу “разарваць шмат сувязяў”, “адмовіцца ад прывычнага жыцьця”. “Але адначасова я адчуў гонар, бо зрабіў сумленны крок, і палёгку, бо пазбавіўся неабходнасьці крывадушнічаць”, -- кажа палітык.

“Ад МЗС, прыкладам, патрабавалі стаяць на баку нелегітымных дзеяньняў улады і тлумачыць сваім партнэрам і сябрам, што ў выніку гэтага рэфэрэндуму сытуацыя ў Беларусі палепшыцца. Для мяне гэта рабіць было немагчыма”, -- адзначыў Саньнікаў.

Нагадаем, 3 чэрвеня адукацыйны аддзел салігорскага выканкама прыняў незаконнае рашэнне аб выключэнні з салігорскай школы №4 аднаго з лідэраў “Маладога Фронта” Івана Шылы за “актыўную грамадскую дзейнасць”. Прычым, адміністрацыя школы выступала супраць такога рашэння.

Дырэктар школы Вольга Сянькова ў знак пратэсту звольнілася са школы, а намесніка па выхаваўчай працы Алену Семчанкову звольнілі за “дрэнную працу”, пасля чаго астатнія настаўнікі аднагалосна прагаласавалі за выключэнне Івана Шылы.

Варта дадаць, што адбылося гэта напярэдадні апошняга іспыту па ангельскай мове, які малады чалавек павінны быў здаваць сёння. Каб не дапусціць моладзевага актывіста да іспыту, у школе выставілі ахову з міліцыянтаў.

Апошнія навіны