BE RU EN

Рэканструкцыя «Кастрычніцкай» каштавацьме грамадзянам вельмі дорага

  • 8.06.2008, 18:33

Пасля закрыцця на рамонт станцыі метро "Кастрычніцкая" улады абяцалі пусціць бясплатны дапаможны аўтобус, аднак цяпер высвятляецца, што за праезд у гэтым аўтобусе, бадай, давядзецца плаціць.

Станцыя метро "Кастрычніцкая" зачыняецца на рамонт з 9 чэрвеня. Пры гэтым грамадзянаў чакае мноства нязручнасцяў. Каб перасесці з адной лініі на другую, трэба будзе выходзіць на "Купалаўскай" ці "Плошчы Перамогі", уздымацца на паверхню і праязджаць пару прыпынкаў на аўтобусе, пры гэтым пасля перасадкі, пры адсутнасці праезнага, давядзецца купляць дадатковы жэтон.

Праўда, раней прадстаўнікі Мінгарвыканкама заяўлялі, што ў часе рамонту да аўтобуса 100-га маршруту дадасца бясплатны 33-ы маршрут, які з інтэрвалам у паўтары хвіліны будзе курсаваць ад плошчы Перамогі да станцыі метро "Інстытут культуры". Аднак, як высветлілася, усё яшчэ не вырашана пытанне, ці будзе ён насамрэч бясплатным, піша "Рэспубліка".

- Спачатку планавалася зрабіць праезд у 33-м аўтобусе бясплатным. Але пры пільным разглядзе выявілася, што на гэта няма юрыдычных падставаў, - удакладняе Аляксандр Капцюх, начальнік аддзела фармавання маршрутнай сеткі ГУ "Сталічны транспарт і сувязь". - Праўда, канчатковае рашэнне ў Мінгарвыканкаме яшчэ не прынята.

Такім чынам, калі на новым маршруце ўсё ж з'явяцца кандуктары, то нескладана падлічыць, што паездка ў метро з перасадкай з лініі на лінію з 9 чэрвеня каштавацьме ў тры разы даражэй, чым цяпер. Давядзецца заплаціць 1800 рублёў замест 600 (калі разлічвацца жэтонамі)…

Транспартнікі тлумачаць: бясплатных аўтобусаў у Менску няма. Нават у часе нядаўняга рамонту трамвайных шляхоў на праспекце Машэрава ў дапаможным 152-м маршруце аўтобуса трэба было прабіваць квіток. Адзінае патуранне - там дзейнічалі праезныя на трамвай. У такім разе ці можна будзе праехаць у 33-м аўтобусе па магнітных картках метро?

- Гэта выключана. Картка метро прызначана для счытвання аўтаматычнымі прыладамі, якіх у кандуктараў няма, - кажа Аляксандр Капцюх. - На гэтай картцы не напісаны ні месяц, ні год. Пасажыры змогуць хітраваць: напрыклад, паказваць леташнія карткі.

У час пік праз перасадны вузел менскага метро праходзіць пад 30 тысяч чалавек. Ці дасць рады праспект Незалежнасці такому наплыву? Падобна, аўтобусам давядзецца рухацца чарадой. Аднак у менскай ДАІ сцвярджаюць, што нагрузка на праспект не будзе крытычнай.

Выходзіць, што адзінай "ласкай" ад транспартнікаў стане толькі тое, што ў сувязі з рэканструкцыяй "Кастрычніцкай" метрапалітэн адмяніў ліміты на колькасць паездак па магнітных картках.

Апошнія навіны