МАЗ рэфармуюць пад расейскага алігарха?
- 9.06.2008, 10:04
Да 2010 году ў Беларусі плануецца акцыянаваць 240 прадпрыемстваў, у тым ліку МАЗ, на які даўно займеў вока расейскі алігарх Алег Дзерыпаска. Эксперты лічаць, што менавіта пад яго і ладзіцца рэфармаванне аднаго з найбольшых дзяржпрадпрыемстваў краіны.
Заўважым, што МАЗ значыцца ў планах ураду па акцыянаванні ўжо сёлета, хоць раней пра гэта нават не вялося, пішуць "Белорусские новости".
"Згодна з дэкрэтам № 7 падрыхтаваны новы праект плану рэфармавання дзяржпрадпрыемстваў. Ён значна пашыраны, у тым ліку за кошт некаторых знакавых прадпрыемстваў Мінпрама", - паведаміў ПРАЙМ-ТАСС прадстаўнік Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. Нараўне з МАзам, сёлета плануецца акцыянаваць таксама лідскі завод "Оптык", пяць прадпрыемстваў вытворчага аб'яднання "Менскі маторны завод", Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў, Менскі механічны завод ім.Вавілава, Барысаўскі завод медпрэпаратаў і шэраг іншых.
Пры гэтым падрыхтаваны праект пераліку падлеглых акцыянаванню прадпрыемстваў у найбліжэйшыя тры гады будзе дапоўнены новымі прадпрыемствамі. "Урад паставіў задачу акцыянаваць усе прадпрыемствы, падлеглыя рэфармаванню, у найбліжэйшыя тры гады. Каб яе выканаць, спіс давядзецца, прынамсі, патроіць", - сказаў прадстаўнік Дзяржкаммаёмасці. Новы праект плану прадугледжвае рэфармаванне пад 2010 год 240 дзяржпрадпрыемстваў розных галінаў.
Уключэнне МАЗа ў гэты план ужо сёлета эксперты тлумачаць актыўнай цікавасцю да гэтага прадпрыемства з боку кіраўніка "Рускіх машынаў" Алега Дзерыпаскі, які прыязджаў у красавіку ў Менск на перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Пра тое, што Беларусь практычна скончыла "перамовы па МАЗе" з патэнцыйным інвестарам, у мінулую пятніцу журналістам заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. "Зрэалізаваць актывы МАЗа задачы не было. Мы хочам, каб гэтыя актывы ўвайшлі ў карпарацыйную структуру", - патлумачыў ён.
На гэтым тыдні "Інтэрфакс" са спасылкай на крыніцу, блізкую да беларускіх уладаў, паведаміў, што ўрад гатовы прыняць прапанову Алега Дзерыпаскі наконт інтэграцыі Менскага аўтазавода з заводам "Урал". У якасці формы супрацы разглядаецца стварэнне сумеснага прадпрыемства (Міжнароднага фінансава-прамысловага саюза). Пасля акцыянавання МАЗа дзяржава ўнясе ў статутны фонд 100% акцый, столькі ж - завод "Урал". У выніку ў аб'яднанай кампаніі партнёры атрымаюць адпаведна 40% і 35% акцыяў. Яшчэ 25% новай кампаніі Беларусь і "Рускія машыны" мяркуюць прапанаваць інвестыцыйнаму банку, з разлікам атрымаць фінансаванне на развіццё заводаў.
Для кіравання яе актывамі партнёры створаць кіруючую кампанію ў Менску, якая будзе адказваць за мадэрнізацыю магутнасцяў МАЗа і "Урала", выбудоўванне сумеснай сэрвіснай-збытавай сеткі і г.д.
На думку дырэктара "Агенцтва дзелавых сувязяў" Валянціна Лопана, пры такой схеме дзяржава наўрад ці зможа захаваць кантроль над прадпрыемствам. "Гэта значыць, што ўсю ўласнасць МАЗ мусіць аддаць у статутны фонд новага прадпрыемства, - сказаў ён. - Гаспадара ў яго фактычна не будзе, бо ні ў каго кантрольнага пакета няма. Максімум, на што зможа разлічваць беларускі бок - 40% у савеце дырэктараў. Думаю, інвестбанк хутчэй спаразумеецца з прадпрыемствам Дзерыпаскі, чым з беларусамі. Таму што адной мовай размаўляюць".
Эксперт лічыць, што кіруючыя пасады возьмуць, бадай, расейцы. Адпаведна яны і будуць вызначаць рух усіх грашовых плыняў кампаніі. "Многія беларускія мэнэджары і дзяржаўныя службоўцы маюць вельмі прыблізнае ўяўленне, што такое пакет акцыяў, як ім кіраваць", - лічыць Лопан.
Да таго ж, прадаваць кантрольны пакет МАЗа інвестару дзяржаве было б выгадней. "У гэтым выпадку бюджэт атрымлівае 100% сродкаў ад продажу. А пры стварэнні сумеснага прадпрыемстве ён атрымае толькі 40% ад магчымага прыбытку СП", - адзначыў эксперт. На яго думку, акцыянаваць МАЗ трэба было даўно, нягледзячы на тое, што становішча ў МАЗа цяпер някепскае: "Акцыянаванне пашырае магчымасці для прыцягнення капіталу на прадпрыемства. Прадаваць акцыі трэба тады, калі цябе жадаюць купіць за прымальныя грошы".
Эксперты таксама сумняюцца, што ў МАЗа з'явяцца якія-небудзь прывілеі на расейскім рынку ў выпадку рэалізацыі гэтага праекту. "На расейскім рынку атрыманне прэферэнцыяў забаронена антыманапольным заканадаўствам РФ. З улікам таго, што МАЗ – датаванае дзяржавай прадпрыемства, Федэральная антыманапольная служба мецьме права выказаць яму шэраг прэтэнзій, у тым ліку ў частцы несумленнай канкурэнцыі на расейскім рынку", - пераказвае ПРАЙМ-ТАСС меркаванне аналітыка беларускай кансалтынгавай кампаніі. Адзіная коштавая палітыка прадпрыемстваў можа стацца прадметам разгляду факту коштавай змовы.
Апрача таго, аб'яднанне МАЗа з "Уралам" усё роўна будзе саступаць па вытворчым і фінансавым патэнцыяле КамАЗу, акцыянеры якога запланавалі пад канец 2008 года пагадненне па зліцці з кім-небудзь з з такіх стратэгічных партнёраў, як Volvo, Scania ці MAN. Цяпер доля МАЗа на расейскім рынку грузавікоў вялікай грузаўздымальнасці складае каля 22%.
На пачатак 2008 гады ў Беларусі было рэфармавана 4129 дзяржпрадпрыемстваў, прададзена 5438 аб'ектаў дзяржмаёмасці. Пры гэтым асноўны распродаж дзяржмаёмасці (больш за 65%) адбыўся ў перыяд з 1994 па 1999 гады.