Кіраўнік выканкаму краў дзяржаўныя грошы
- 9.06.2008, 14:00
Чыноўнікі выкарыстоўваюць любую сітуацыю, каб пад шумок частку фінансавання перанаправіць у сваю кішэню.
Адбыўся суд Мастоўскага раёна, на якім вынесены прысуд былому намесніку старшыні Ваўкавыскага райвыканкама Ігару Галецкаму, паведамляе Bulletinonline.
Слуханне справы адбывалася не на месцы злачынства, у Ваўкавыску, а ў іншым горадзе. Тлумачыцца гэта проста: патрабавалася, каб як мага менш інфармацыі трапіла да гараджанаў, каб не пашкодзіць іміджу мясцовага райвыканкама, начальнік якога краў дзяржаўныя грошы.
Па-другое, пераносячы суд у іншы горад, калегі Галецкага разлічвалі і на тое, што там, без прысутнасці ваўкавыскіх гараджанаў, можна і прысуд змякчыць да непрыстойнасці. Так яно і атрымалася. Спадару Галецкаму вызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тры гады і пазбаўлення права ў бліжэйшыя шэсць год займаць пасады ва ўладных структурах. Такім чынам, у адрозьненне ад палітвязьняў злодзей-вертыкальшчык будзе адбываць прысуд дома.
Дык што рабіў і як "кіраваў" раёнам спадар Галецкі? Скарыстаў святкаванне "Дажынак". А што, горад у рамонтна-рэстаўрацыйных лясах, будаўнікоў больш чым жыхароў, чаму не выкарыстаць момант, які бывае раз у жыцці?
Галецкі яго і злавіў, даючы незаконныя распараджэнні падначаленым райвыканкама, іншых дзяржаўных і камерцыйных арганізацый складаць фіктыўныя дакументы. Яны ішлі на легалізацыю незаконнага будаўніцтва гандлёва-адміністрацыйнага цэнтра, які ўзводзіў ягоны сваяк Дзмітрый Яўсеенкаў. Аб’ект быў пабудаваны без дапамогі арганізацый, што мелі на гэта ліцэнзіі, а з дапамогай тых будаўнікоў, якія прыехалі добраўпарадкаваць Ваўкавыск з іншых гарадоў.
Аднак, як сведчыць суд, у спадара Галецкага гэта не адзінае злоўжыванне службовым становішчам. Тым не менш, толькі тры гады абмежавання волі. А чаму і не пасядзець – гандлёвы цэнтр адбудаваны ж!
Між тым, нагадаем, толькі за удзел у мітынгу пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня Цэнтральны суд Менску пакараў 14 маладых людзей на 1,5-2 гады абмежавання волі.
Вось такая яна, беларусская Фэміда.