BE RU EN

Палітычнае перавыхаваньне з дапамогай казармы

  • 9.06.2008, 16:03

Ці стануць ваенныя камісарыяты адным са спосабаў нэўтралізацыі актывістаў дэмакратычнага руху?

На сёньня быў запрошаны ў ваенкамат Савецкага раёну Менску кіраўнік культурнай камісіі партыі БНФ Франак Вячорка, які ранней быў незаконна адлічаны з факультэта журналістыкі БДУ.

Нагадаем, 6 чэрвеня яго затрымлівалі на вачах суседзяў як небясьпечнага злачынцу. Міліцыянты здымалі на відэакамэру, як Франак ставіў свой подпіс аб тым, што атрымаў позву на камісію. Але яго не адпусьцілі, а пасадзілі ў машыну і павезьлі ў ваенкамат. Там у хлопца адабралі мабільны тэлефон і завялі ў кабінэт да вайсковага афіцэра, які папярэдзіў Франака, што ад панядзелка яму будзе забаронены выезд за мяжу і запатрабаваў зьявіцца на камісію.

Сябры апазыцыйных палітычных рухаў, якія прайшлі праз войска, перакананыя, што прынамсі ізаляваць на 1,5 года ад актыўнай грамадзкай дзейнасьці чалавека можна. Але на прыкладзе вайскоўца Зьмітра Жалезьнічэнкі робяць выснову — усё залежыць ад прынцыповай пазыцыі кожнага паасобку, паведамляе «Радыё Свабода».

Сямён Печанко год cлужыў у радыётэхнічным палку ў Наваградку. У 2004 годзе, незадоўга да дэмабілізацыі, даслаў у “Нашу Ніву” ліст са сваімі ўражаньнямі ад войска. А напачатку 2005-га пачаў друкаваць у газэце артыкулы, прысьвечаныя моўнай праблеме ў сучасных Узброеных сілах Беларусі. Пры канцы 2007 году матэрыялы, якія друкаваліся цягам паўгода, увайшлі ў кнігу “У беларускім войску: падарунак прызыўніку”.

На падставе свайго армейскага досьведу Сямён Печанко не выключае: пры жаданьні вайсковая сыстэма можа паставіць за мэту зьбіць імпэт заўзятага апазыцыянэра.

“Цяжка параўнаць зь іншымі спосабамі ўціску — кшталту хатняй хіміі, але ён дастаткова эфэктыўны. Асабліва калі ўлічыць, што ў іх няма вышэйшай адукацыі і ім давядзецца быць ізаляванымі ад грамадзтва максымальны тэрмін — 1,5 года. Да таго ж у войску любая палітычная дзейнасьць забароненая, акрамя ўступленьня ў афіцыйныя моладзевыя структуры кшталту БРСМ. Уся астатняя дзейнасьць можа прывесьці да крымінальнай адказнасьці”, - кажа былы салдат.

Як лічыць цяпер ужо журналіст газэты “Наша Ніва” Сямён Печанко, для армейскага кіраўніцтва ня стане вялікай праблемай стварыць для апазыцыйнага навабранца такія ўмовы праходжаньня службы, пры якіх ён ня будзе мець кантактаў зь іншымі аднадумцамі.

“У прынцыпе сама ўстанова даволі моцна прыціскае. Павінен быць характар моцны ў чалавека, каб працягваць сваю лінію. Там ня тое што рэпрэсіўная машына, але абсалютна свая атмасфэра, свае ўмовы, свае правілы, і можна ў прынцыпе сказаць, што ўмовы там дастатковыя дзеля таго, каб ізаляваць чалапвека. Шмат што таксама залежыць і ад асяродзьдзя. Калі гэтую магчымасьць будуць выкарыстоўваць да канца, то хутчэй за ўсё зробяць так, каб гэтыя маладыя людзі трапілі служыць у поўную ізаляцыю, каб там не было аднадумцаў. І нават могуць праверыць — ці ня будзе сярод іхных аднагодкаў блізкіх у поглядах людзей? Вельмі складана, калі няма нават з кім размаўляць па-беларуску. Бо адчуваньне, што трапляеш як у іншы сьвет”, - сцьвярджае Печанко

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Дзьмітрыеў паўтара года адслужыў у роце аховы ў Менску. Прызыў палітычна актыўнай моладзі называе невыпадковым.

“Але шмат залежыць і ад самога чалавека. Калі ён жадае застацца ў палітыцы, то і праз 1,5 года ён будзе варты застацца і зноў апынуцца ў гэтым асяродзьдзі. Але ж каб уладам ня мець праблемаў на гэтыя 1,5 года, гэта сапраўды можа быць і як сродак ізаляваньня маладых людзей ад актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцьці. Таму, безумоўна, гэта магчыма разглядаць як інструмэнт ізаляваньня. Найбольш непрыемным мне падаецца тое, што зараз у ваенкамаце абавязваюць запоўніць фармуляр, у якім трэба напісаць — ці ёсьць ты сябрам нейкай партыі і г.д. І вось гэта мне падаецца сапраўды парушэньнем грамадзянскіх правоў, бо гэта ніякім чынам ня тычыцца майго абавязку служыць у войску”, упэўнены апазыцыйны актывіст.

Нагадаем, Аляксандар Лукашэнка неаднаразова рабіў заўвагі кіраўніцтву Міністэрства абароны з нагоды апазыцыянэраў, якія нібыта ўхіляюцца ад вайсковай службы ці плянавых збораў. Аднак цяперашнія актывісты вулічных акцый або яшчэ занадта маладыя для службы, або вучацца ў ВНУ, што дае адтэрміноўку ад прызыву ў войска.

Апошнія навіны