Спікер Сойма Літвы: Арышт прадпрымальніка – небяспечны сігнал для інвестараў
- 9.06.2008, 16:43
Старшыня Сойма Літвы Чэсловас Юршчэнас 9 чэрвеня пракаментаваў сітуацыю з арыштаваным у Беларусі літоўскім прадпрымальнікам Альвідасам Яблонскісам, кіраўніком Літоўскай асацыяцыі мытных пасярэднікаў.
Утрыманне прадпрымальніка на працягу паўгода ў следчым ізалятары, па меркаванні старшыні парламента Літвы - "небяспечны сігнал для літоўскіх інвестараў".
Аб гэтым Юршчэнас заявіў падчас сустрэчы з амбасадарам Беларусі ў Літве Ўладзімірам Дражыным. Спікер Сойма Літвы выказаў надзею, што сітуацыя вакол літоўскага прадпрымальніка будзе як мага хутчэй вырашаная.
Нагадаем, раней Міністэрства эканомікі Літвы распаўсюдзіла заяву, што з-за інцыдэнту адносіны дзвюх краін "могуць астыць".
Па словах віцэ-міністра эканомікі Літвы Вітаўтаса Наўдужаса, А.Яблонскіс працаваў на ўнутраным рынку Беларусі паводле вельмі складанага і заблытанага беларускага заканадаўства.
«Праз некаторы час пасля пачатку ягонай дзейнасці ў Беларусі заднім лікам была прынятая папраўка да закона, і ён, відаць, павінен быў пералічыць бухгалтэрыю, але не паспеў гэта зрабіць», - растлумачыў У.Наўдужас.
Альвідас Яблонскіс быў арыштаваны ў Беларусі 15 студзеня. Літоўскі прадпрымальнік затрыманы за парушэнні ў афармленні мытных дакументаў