Джозэф Кей абвяргае абвінавачванні КДБ Беларусі ў камерцыйным шпіянажы
- 1.07.2008, 9:09
Амерыканскі грамадзянін, бізнэсмэн Джозэф Кей абвяргае абвінавачванні ў камерцыйным шпіянажы супраць Беларусі і не ведае аб крымінальнай справе, якая было заведзеная на яго КДБ Беларусі.
27 чэрвеня праваахоўныя органы Беларусі прад'явілі канчатковыя абвінавачванні затрыманаму 12 сакавіка амерыканцу Эмануілу Зэльцэру. Ён абвінавачваецца ў выкарыстанні загадзя ілжывых афіцыйных дакументаў, кантрабандзе наркатычных сродкаў і камерцыйным шпіянажы. Ягоны сакратар грамадзянка Расеі Ўладлена Функ (Брускова) вінаваціцца ў выкарыстанні загадзя ілжывых афіцыйных дакументаў і ў камерцыйным шпіянажы.
Акрамя таго, следчае ўпраўленне КДБ узбудзіла крымінальную справу "па прыкметах камерцыйнага шпіянажу" у стаўленні Джозэфа Кея, які з'яўляўся кліентам Зэльцэра.
"Я не ведаю, як мяне можна было абвінаваціць у шпіянажы, калі я ніколі ў Беларусі не быў. Шпіянаж у карысць каго? Выдумкі гэта ўсё", — заявіў Дж.Кей у інтэрв'ю БелаПАН. Па ягоных словах, ён не разглядае варыянт прыезду ў Менск, калі гэтага запатрабуе следства. Кей выказаў сумнеў у дэмакратычнасці палітыкі беларускіх улад і выказаў надзею, што "Беларусь увойдзе ў лік нармальных еўрапейскіх краін, дзе выконваюцца законы".
У сваю чаргу кіраўнік прэс-службы Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі Валерый Надтачаеў адмовіўся каментаваць працэдуру апавяшчэння падазраваных і ходу следства.
Паміж тым адвакат Зэльцэра і Функ Зміцер Гарачка паведаміў БелаПАН, што 30 чэрвеня ён і ягоныя кліенты пачалі вывучэнне матэрыялаў справы, на што можа сысці ад паўтары да двух тыдняў. Пасля гэтага матэрыялы будуць перададзеныя пракурору.