Рэдактара дзяржгазеты прызналі вінаватай у крадзяжы, але пакінулі пры пасадзе
- 1.07.2008, 10:03
Салігорскі райсуд прысудзіў галоўнага рэдактара газеты райвыканкама "Шахцёр", дэпутата мясцовага савета Вольгу Капцавіцкую да 1,5 гадоў пазбаўлення волі, праўда, з адтэрміноўкай выканання прысуду.
Суд прызнаў галоўнага рэдактара «Шахцёра» вінаватай у здзяйсненні злачынства па арт. 210 ч.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – крадзеж шляхам злоўжывання службовым становішчам, піша Bulletinonline.
Нягледзячы на прызнанне віны Капцавіцкай, кіраўніцтва Салігорскага райвыканкама пакінула яе на ранейшай пасадзе, мабыць, палічыўшы годнай і далей узначальваць дзяржгазету.
Паміж тым, паводле, закону "Аб дзяржслужбе ў Рэспубліцы Беларусь", здзяйсненне правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дзяржаўнай службе – гэтя падстава для спынення кантракту. Аднак у салігорскай вертыкалі, мабыць, адмысловае меркаванне наконт злачынства Капцавіцкай.
Як мы ўжо паведамлялі, галоўны рэдактар газеты Салігорскага райвыканкама «Шахцёр» неабгрунтавана пазбаўляла супрацоўнікаў рэдакцыі прэмій, што дадаваліся да аладу, прысвойваючы іх сабе, а таксама груба парушала ўмовы кантракту.