BE RU EN

Маскоўскія фашысты амаль год бяскарна забівалі «нярускіх»

  • 1.07.2008, 10:33

У Расеі завяршылася следства па факце шматлікіх забойстваў у Маскве па нацыянальных матывах.

Следчы камітэт пры пракуратуры Расеі (СКП) завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў адносінах групы маскоўскіх скінхэдаў, абвінавачаных у больш за 20 забойствах і 12 замахах па нацыянальных матывах.

Як паведамляе "Інтэрфакс", справа накіраваная для сцвярджэння абвінаваўчага заключэння. "Злачынная група скінхэдаў з дзевяці чалавек дзейнічала на тэрыторыі Масквы на працягу васьмі месяцаў. Узрост удзельнікаў групы ад 17 да 22 гадоў, а лідэры — Артур Рыно і Павел Скачэўскі — на момант здзяйснення злачынстваў з'яўляліся непаўнагадовымі", — паведаміў агенцтву афіцыйны прадстаўнік СКП РФ Уладзімір Маркін.

Па ягоных словах, "у ліку ўдзельнікаў нелегальнай арганізацыі скінхэдаў - 22-гадовая дзяўчына". "Яна здымала на відэакамеру першае злачынства, здзейсненае групай. Тады пацярпелы застаўся жывы", — адзначыў прадстаўнік СКП.

Ён таксама паведаміў, што большасць удзельнікаў супольнасці "брытагаловых" вінавацяцца па некалькіх артыкулах КК РФ, у тым ліку "забойства", піша NEWSRU.com.

У красавіку 2007 года былі арыштаваныя двое 18-гадовых студэнтаў маскоўскіх вну — Артур Рыно з Екацярынбурга і жыхар сталіцы Павел Скачэўскі. Яны былі затрыманыя 16 красавіка на вуліцы Кедрова ў Маскве па падазрэнні ў забойстве 45-гадовага прадпрымальніка з Арменіі. У момант затрымання на вопратцы маладых людзей былі выяўленыя сляды крыві.

Падчас расследаванняў Рыно даў прызнальныя паказанні ў забойстве на нацыянальнай глебе 37 чалавек. Пры праверцы значная частка яго паказанняў знайшла пацверджанне.

Па словах Рыно, ён "са школы ненавідзіць каўказцаў і азіятаў, якія прыязджаюць у сталіцу і прыгнятаюць рускіх". "Мы шпацыравалі, я заўважыў бойку і паспяшаўся на дапамогу. Дастаў нож і некалькі разоў стукнуў ім нярускага", — казаў Рыно.

Рускі фашыст таксама распавёў, што першае злачынства ён здзейсніў у раёне Чаркізаўскага рынка ў той дзень, калі іншыя нацыяналісты зладзілі там выбух, які ўнёс жыцці дзесяці чалавек. Праваахоўныя органы правяралі версію ўзаемасувязі паміж Рыно і "чаркізаўскімі падрыўнікамі". Імёны некаторых з іх — Сяргея Клімука і Мікалая Каралёва — фігуравалі ў паказаннях Рыно.

Пазней Рыно адмовіўся ад усіх сваіх паказанняў. Тым не менш і пасля гэтага следчыя змаглі давесці дачыненне маладога чалавека яшчэ да шэрагу злачынстваў. Паралельна следчыя ўстанавілі асобы астатніх удзельнікаў банды. Двое з іх былі затрыманыя ў кастрычніку, а апошняга скінхэда з "групы Рыно" схапілі толькі ў студзені 2008 года.

У пачатку лютага Замаскварэцкі суд Масквы выдаў санкцыю на арышт апошніх чатырох падазраваных па справе "банды Рыно". Сярод іх апынулася Святлана Авакумава (1986 года нараджэння), Дзяніс Лаўрыненкаў (1989 года нараджэння) і Іван Кітайкін (1988 года нараджэння). Імя апошняга арыштаванага не называлася, паколькі ён не дасягнуў паўналецця.

Апошнія навіны