Станіслаў Гусак: «Пры гэтай уладзе няма гарантый, што будзе праведзены сумленны тэндэр»
- 1.07.2008, 12:22
Аляксандр Лукашэнка напярэдадні заявіў, што на працягу бліжэйшага месяца любая кампанія можа прапанаваць Беларусі свае паслугі па будаўніцтве АЭС. «Палітычнай гульнёй і спектаклем для народа» назваў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 гэтую заяву энергетык, аўтар праекту Балтыйска-Чарнаморскага энергетычнага калектара Станіслаў Гусак.
«Ва ўсім свеце на гэтым рынку ўсяго 3-4 гульцы. І, наколькі мне вядома, усе яны ўжо заявілі аб сваёй зацікаўленасці ва ўдзеле ў будаўніцтве беларускай АЭС. Таму інакш, як палітычнай гульнёй, своеасаблівым спектаклем для народа нельга назваць учорашняе запрашэнне Лукашэнкі франка-германскай і іншым кампаніям удзельнічаць у праекце», - лічыць эксперт.
Пры гэтым Станіслаў Гусак не ўзяўся прагназаваць, хто жа ў выніку будзе будаваць беларускую АЭС. «Пры гэтай уладзе няма ніякіх гарантый, што будзе праведзены сапраўды сумленны тэндэр і пераможа той, хто прапануе найбольш бяспечны і выгодны праект. Верагодней усяго, выбар будзе праходзіць кулуарна, не выключана і палітычнае прыняцце рашэння. Бо ўсё, што звязана з пытаннямі будаўніцтва беларускай АЭС, праходзіць без якой-небудзь грамадскай дыскусіі і абсалютна непадкантрольна грамадству», - лічыць Станіслаў Гусак.
Па меркаванні эксперта, галоўнае пытанне не ў тым, хто будзе будаваць у цэлым АЭС, а хто будзе ўзводзіць сам рэактар. У выпадку, калі гэта будзе расейская кампанія, гэта прывядзе да абсалютнай энергетычнай залежнасці Беларусі ад Расеі. «Беларусь стане залежаць ад расейскага паліва нават не на 100%, а на ўсё 150%. Аднак, спадзяюся, што ва ўладзе гэта ўсвядомяць і там хопіць розуму не дапусціць такой энергетычнай катастрофы для нашай краіны», - выказаў надзею Станіславаў Гусак.
Нагадаем, учора на нарадзе па пытанню будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі Лукашэнка заявіў, што неабходна яшчэ раз афіцыйна прапанаваць удзельнічаць у будаўніцтве АЭС франка-германскай кампаніі, а таксама японцам, амерыканцам і расейцам, калі яны выкажуць зацікаўленасць.
"Мы ім публічна прапаноўваем, і гэтак жа публічна праз месяц у газетах апублікуем адказ. Мы паступаем так, каб пазбегнуць усялякай спекуляцыі аб тым, што мы нібы кулуарна з кімсьці склалі дамову аб будаўніцтве", - сказаў беларускі кіраўнік.