На апазыцыйных кандыдатаў ціснуць праз падаткавікоў
- 1.07.2008, 16:51
Дэмакратычных актывістаў, якіх апазіцыйныя палітычныя партыі вылучылі кандыдатамі ў дэпутаты на восеньскія «выбары» ў «палату прадстаўнікоў», пачалі выклікаць у падатковыя інспэкцыі. Правяраюць таксама сваякоў апазыцыйных палітыкаў.
У Лельчыцах (Гомельская вобласьць) раённая інспэкцыя Міністэрства падаткаў і збораў запатрабавала ў актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Гаўрыленкі падаць дэклярацыю аб прыбытках і маёмасьці за 2007 год. Маўляў, ёсьць інфармацыя пра атрыманьне актывістам даходу ад продажу аўтамабіля, паведамляе «Радыё Свабода».
Запаўненьня дэклярацыяў запатрабавалі таксама ад жонкі, маці й цешчы Мікалая Гаўрыленкі. Прычым 70-гадовая цешча, якой з-за хворых ног цяжка схадзіць нават у краму па хлеб, падазраецца ва ўтойваньні даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасьці.
“Дапытваліся наконт прадпрымальніцтва, продажу нейкіх аўтамашын. Чаго толькі не прыпісваюць — і што нібыта грошы нейкія ідуць нам з-за мяжы. Маці выклікалі ў падатковую інспэкцыю. Яна ім кажа: “Якія ў мяне могуць быць даходы, чым наагул я магу займацца?” Мая маці ледзьве ходзіць. Маці мужа таксама выклікалі. Яна езьдзіла да падаткоўцаў, запаўняла там дэклярацыю. Пэнсіянэрка, 80 гадоў — якія ў яе могуць быць даходы? Гэтаксама як і ў маёй 70-гадовай мамы. Я там абуралася, а мне ў адказ: “Нам загадалі — вы ж разумееце, ідуць выбары”. Я кажу: “А пры чым тут выбары да пэнсіянэраў? Няхай мяне, мужа, а бабулек навошта чапаць? Яны ж працавалі ўсё жыцьцё, але не зарабілі нават нармальную пэнсію”, - распавядае пра «прыгоды» Мікалая Гаўрыленкі жонка актывіста Валянціна.
На папярэдніх «парлямэнцкіх выбарах» Мікалая Гаўрыленку не зарэгістравалі менавіта з-за дэклярацыі. Тады сельскі савет падаў у акруговую камісію даведку, што актывіст нібыта выгадаваў і прадаў двух парсюкоў, а ў дэклярацыі гэтага не пазначыў.
Тым часам вылучэнец ад АДС у Хойніцкую выбарчую акругу № 47, рэгіянальны прававы інспэктар незалежнага Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Леанід Судаленка даведаўся, што і ў дачыненьні да яго міліцыя праводзіць нейкую праверку.
“Аддзел унутраных спраў Савецкага раёну Гомеля зрабіў запыт на імя старшыні нашага прафсаюзу Фядыніча. Пытаецца, ці працую я ў прафсаюзе, калі працую, то зь якой даты, і які памер майго заробку. Вядзецца нейкая праверка. Але мне невядома, зь якой нагоды яны мяне правяраюць Лічу, што гэтая праверка зьвязана з тым, што на маючых адбыцца ў верасьні «выбарах» у «парлямэнт» мая кандыдатура значыцца ў сьпісе ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў па Хойніцкай выбарчай акрузе № 47”, - кажа спадар Судаленка.
Дарэчы падатковая інспэкцыя Савецкага раёну Гомеля нават зацікавілася аплатай мабільнай сувязі Леаніда Судаленкі за два апошнія гады.
Раней паведамлялася пра ціск на мажлівых кандыдатаў у дэпутаты ад апазыцыі Адама Варанца й ягонай сям’і з Добрускага раёну й Кастуся Жукоўскага з Гомеля. Апошняга, у прыватнасьці, штрафавалі й за няправільна запоўненую дэклярацыю пра даходы, і нават за вясельныя падарункі ад украінскіх сваякоў.