BE RU EN

На свабоду выйшлі яшчэ два апазыцыянеры

  • 13.07.2008, 12:53

Увечары ў суботу зь ізалятара КДБ выпусьцілі затрыманых па справе аб выбуху 4 ліпеня актывістаў апазыцыі Сяргея Высоцкага і Аляксандра Сергіенку.

Сяргей Высоцкі, які зьяўляецца каардынатарам Беларускага нацыянальна-дэмакратычнага цэнтру ў Кіеве, распавёў “Радыё Свабода”, што яго затрымалі 10 ліпеня пасьля ператрусу ў кватэры. Апазыцыянера пазадравалі па справе аб выбуху 4 ліпеня паводле артыкула 339 часткі 3 (злоснае хуліганства).

“Ахоўнікі ў “амэрыканцы”, якія кожныя 5 хвілін заглядвалі ў камэру, міжсобку называлі мяне тэрарыстам”,-- распавёў Сяргей Высоцкі.

Было некалькі допытаў, у часе якіх Сяргея дапытвалі аб тым, што ён рабіў у ноч з 3 на 4 ліпеня. Аднак Высоцкі здолеў давесьці сваё алібі. Сьледчыя КДБ ўзялі з палітыка падпіску аб нявыезьдзе і неразгалошваньні таямніцы сьледзтва.

Паводле спадара Высоцкага, разам зь ім на волю выпусьцілі і Аляксандра Сергіенку, аднаго зь лідэраў моладзевага крыла Аб’яднанай грамадзянскай партыі -- арганізацыі “Маладыя дэмакраты”.

Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, ўчора на свабоду выйшаў актывіст грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Павал Кур'яновіч, якога супрацоўнікі КДБ таксама затрымалі 10 ліпеня з падазрэньня ў дачыненьні да выбуху ў Менску падчас сьвяточнага канцэрту на афіцыйны Дзень незалежнасьці.

Пасля вызваленьня Павал Кур’яновіч расказаў, што ні з кім з затрыманых па справе аб выбуху ня бачыўся: адзін сядзеў у камэры ў сьледчым ізалятары КДБ.

Паводле Кур’яновіча, за ўвесь час затрыманьня яго толькі раз выклікалі на допыт: падчас допыту пыталіся, што рабіў дэмакратычны актывіст уначы з 3-га на 4-га ліпеня. Кур’яновіч паведаміў, што ў яго было алібі, якое пацьвердзілася пры праверцы супрацоўнікамі КДБ.

На думку Паўла Кур’яновіча, цяперашні перасьлед і затрыманьні дэмакратычных актывістаў зьвязаныя з выбарчай кампаніяй.

Апошнія навіны