Загінуў адзін з заснавальнікаў польскай «Салідарнасці» Браніслаў Герэмек
- 14.07.2008, 8:14
У Польшчы загінуў Браніслаў Герэмек - адзін з заснавальнікаў прафсаюза «Салідарнасць», дэпутат Еўрапейскага Парламента, былы міністр замежных справаў Польшчы.
Герэмек разбіўся ў аўтакатастрофе на захадзе Польшчы. Як распавялі ў паліцыі, ягоны «Мерседэс» выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з мікрааўтобусам. Загінуламу было 76 год.
Гісторык па адукацыі, Герэмек заняўся палітыкай у 1950 годзе, калі ўступіў у Польскую працоўную партыю. У 1968 годзе ён выйшаў з яе шэрагаў у знак пратэсту супраць савецкага ўварвання ў Чэхаславакію.
Стаўшы адным з самых вядомых польскіх дысідэнтаў, Герэмек прыняў непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы дамовы з камуністамі, якая прывяла да афіцыйнага прызнання «Салідарнасці» у якасці незалежнага прафсаюза. У 1989 годзе ён вёў перамовы з камуністычным урадам аб умовах правядзення свабодных выбараў.
З 1989 па 2001 год Герэмек быў дэпутатам Сойма. У 1997-2000 гадах ён узначальваў Міністэрства замежных справаў Польшчы. Знаходзячыся на гэтай пасадзе, Герэмек падпісаў дамову аб уступленні Польшчы ў НАТА.
З 2004 года Герэмек быў сябрам Еўрапейскага парламента.
Браніслаў Герэмек надаваў шмат увагі сітуацыі ў Беларусі, не раз падвяргаў цвёрдай крытыцы кіраўніцтва Беларусі і выяўляў салідарнасць з беларускім народам.
«З велізарным задавальненнем і радасцю я прымаю ўсё, што служыць братэрскаму беларускаму народу, што дае шанец на свабоду, што дапамагае Беларусі заняць належнае ёй месца ў аб'яднанай Еўропе, -- заяўляў Браніслаў Герэмек прэс-цэнтру Хартыі’97 у сувязі з правядзеннем у Беларусі Дзён салідарнасці 16 чысла кожнага месяца. -- Я перакананы, што польскі народ ніколі не забудзецца аб сваім абавязку падтрымліваць беларускі народ у яго імкненні да дэмакратыі і інтэграцыі ў Еўропу. Я таксама жадаў бы, каб Дзень Салідарнасці з Беларуссю стаў бы сведчаннем таго, што Еўропа ніколі не будзе абыякавая да лёсу народа Беларусі, што Еўропа верыць, што беларускі народ пракладзе сабе дарогу да свабоды, падобна таму, як гэта зрабіла 25 гадоў назад Польшча, дзякуючы сіле грамадзянскага руху і прафсаюзу «Салідарнасць». Гэтага ж я жадаю беларускаму народу».