Улады рыхтуюцца да «выбараў»: Спецслужбы, арышты, перлюстрацыі…
- 14.07.2008, 11:42
Актывістаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі Зміцера Кавалгіна і Віктара Пятроўскага затрымалі за распаўсюджванне па паштовых скрынях паслання дэмакратычных сілаў выбаршчыкам напярэдадні «парламенцкіх выбараў». Характэрна, што спецслужбы ведалі аб акцыі АГП загадзя.
«Побач з домам №8 па вуліцы Няміга стаяла патрульная міліцэйская машына, – распавядае Віктар Пятроўскі. – Да мяне падбег міліцыянт і пытае: «Што ты тут раздаеш?» «Нічога незаконнага, – адказаў я. – Уся прадукцыя з выхаднымі дадзенымі». Але мяне пасадзілі ў машыну, туды жа праз некалькі хвілін завялі і Кавалгіна. Пакуль ехалі ў Цэнтральнае РУЎС, міліцыянты распавялі, што на нас яны вышлі не выпадкова, а «па наводцы». Казалі, што цэлую гадзіну нас там чакалі».
У Цэнтральнае РУЎС Менска, куды адвезлі затрыманых, прыехаў лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька – ён доўга тлумачыў міліцыянтам, што друкаваную прадукцыю з выхаднымі дадзенымі распаўсюджваць можна. У выніку, лідэру АГП сказалі, што маюць права трымаць людзей тры гадзіны «для высвятлення асобы».
Маёр Анатоль Шатыка ўзяў у затрыманых тлумачэння; быў складзены акт вынятку 2800 асобнікаў друкаванай прадукцыі; Кавалгіна і Пятроўскага знялі на відэа, зрабілі фотаздымкі, узялі адбіткі пальцаў – і вызвалілі. Прадукцыю, верагодна, будуць правяраць не менш за тры месяцы – і вернуць пасля «выбараў».
Якім чынам міліцыянты маглі пазнаць, дзе менавіта актывісты АГП будуць распаўсюджваць пасланне дэмакратычных кандыдатаў? «Мы казалі аб гэтым з Анатолем Лябедзька ў офісе АГП», – адказвае Віктар Пятроўскі. Па тэлефоне, як ён кажа, вяліся гутаркі толькі аб факце, але не аб месцах распаўсюджвання інфармацыі.
Такім чынам, як адзначае прэс-служба АГП, стаў відавочным той факт, што офіс партыі праслухоўваецца спецслужбамі.
Дарэчы, у Цэнтральным РУЎС Віктар Пятроўскі звярнуў увагу на мужчыну ў цывільным – па ўсёй верагоднасці, супрацоўніка КДБ, які казаў камусьці па рацыі: «Тут два чалавекі, з улёткамі, па нашай тэме».
«Выходзіць, улады пасродкам спецслужбаў разгарнулі падрыхтоўку да «парламенцкіх выбараў», -- прыходзіць да высновы прэс-служба АГП.