BE RU EN

Спецслужбы скралі кампутары журналістаў?

  • 15.07.2008, 16:52

Праваахоўныя органы сцвярджаюць, што ўсю канфіскаваную падчас ператрусаў 27 сакавіка тэхніку журналістам вярнулі. Але ніхто з пацярпелых журналістаў на самой справе сваіх рэчаў дагэтуль не атрымаў.

Нагадаем, 8 чэрвеня следчы па адмыслова важных справах пракуратуры Менска Віктар Шабан, які вядзе крымінальную справу "Мультклуба", паведаміў, што на працягу тыдня яна будзе закрытая, а тэхніку, канфіскаваную ў журналістаў 27 сакавіка падчас ператрусаў, вернуць уладальнікам. Справу сапраўды прыпынілі з-за адсутнасці вінаватых. «Еўрарадыё» вырашыла даведацца, калі жа журналістам пачнуць вяртаць іх тэхніку.

Як паведаміў следчы пракуратуры Віктар Шабан, праваахоўнікі выканалі свае абяцанні і тэхніку вярнулі. Праўда, прызнаўся, што не ён уласнаручна вяртаў яе журналістам, а нібыта вярнулі тыя, хто і забіраў.

Адным з пацярпелых ад ператрусу 27 сакавіка стаў карэспандэнт інфармагенцтва БелаПАН, старшыня Гомельскага філіяла Беларускай асацыяцыі журналістаў Анатоль Гатоўчыц. У яго забралі сістэмны блок, наўтбук, фотаапарат, 2 дыктафоны, міні відэакамеру, касеты і нават касавыя кніжкі філіяла ГА “БАЖ”. І дагэтуль, кажа журналіст, нічога не вярнулі.

“Абсалютна нічога не вярнулі, і ніякай інфармацыі на гэты конт не паступала. Хоць я пісаў спачатку ў Генеральную пракуратуру, потым у мясцовае ўпраўленне КДБ. Яны тады адказалі, што справа разглядаецца. Але ў апошні час ніякай інфармацыі наконт таго, што рэчы можна забраць, або яны іх самі даставяць, не было. Не ведаю, як каму, але мне асабіста нічога не вярнулі”, -- паведаміў журналіст.

Два хард-дыскі ад кампутараў, CD, DVD-дыскі, дыскеты, міні-дыскі для дыктафоны і стопку тэкстаў “Беларускай дыктоўкі” забралі супрацоўнікі КДБ і праваахоўных органаў падчас ператрусу ў незалежнага журналіста з Наваполацка Андрэя Аляксандрава. І таксама нічога дагэтуль не вярнулі.

“Падчас ператрусу супрацоўнік КДБ, які ўзначальваў групу, сказаў, што потым звяртацца за рэчамі трэба будзе ў пракуратуру. Але папярэдзіў, што сэнсу рабіць гэта раней, чым праз 3-4 месяца, няма. Я не звяртаўся. Але і мне ніхто не тэлефанаваў, не было ніякіх паведамленняў аб тым, што я магу забраць свае рэчы. Не кажучы ўжо аб тым, што яны мне самі іх вернуць”, -- кажа Аляксандраў.

Паміж тым, як стала вядома «Еўрарадыё», асобным людзям і юрыдычным асобам тэхніку вярнулі. Праўда, чаму вярталі не ўсім, а толькі асобным асобам і арганізацыям, следчы, які займаўся гэтай выдачай і які прадставіўся проста Леанідам Леанідавічам, растлумачыць адмовіўся.

“Я не магу даваць каментары наконт таго, каму вярнулі тэхніку, а каму не вярнулі. У мяне было даручэнне вярнуць тэхніку пэўным юрыдычным асобам, гэтае даручэнне я і выконваю. Што датычна астатняй тэхнікі, у мяне, нажаль, інфармацыі няма”, -- сказаў ён.

За ўсімі ўдакладненнямі накіраваў звяртацца ізноў жа ў пракуратуру.

Старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанну Літвіну не здзівіў той факт, што словы следчага па адмыслова важных справах пракуратуры Віктара Шабана на самай справе не адпавядаюць рэчаіснасці. Яна сцвярджае што, чыноўнікі часта дазваляюць сабе падманваць журналістаў, ведаючы, што ніякай адказнасці за гэта не панясуць. І параіла не пакідаць патрабаванняў аб вяртанні тэхнікі.

“Пакуль застаецца толькі чакаць, але я сумняюся, што да выбараў тэхніку журналістам вернуць. Паміж тым, абяцанні гучаць, і нам застаецца патрабаваць, каб тое, што агучваецца, выконвалася. І выратуе нас толькі карпаратыўная салідарнасць. Іншага шляху няма”, -- склала Жанна Літвіна.

Апошнія навіны