Апазіцыя прапанавала ўладам дапамогу ў пошуках «тэрарыстаў» (Фота, відэа)
- 16.07.2008, 13:18
Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» вырашылі дапамагчы КДБ з расследаваннем выбуху ў Менску. Сёння да будынка КДБ на праспекце Незалежнасці ў Менску прыйшлі некалькі маладых людзей з вялікім мяшком у руках.
Калі маладыя людзі паставілі мяшок ля ўваходу ў КДБ, апынулася, што ў ім знаходзяцца пустыя скрынкі з-пад соку. На іх, таксама, як і на мяшку, былі надпісы "рэчдок". У гэты час іншыя ўдзельнікі акцыі зрабілі на тратуары ў уваходу ў КДБ надпіс "Стоп тэрор!"
“Нягледзячы на запэўненні Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што апазіцыю не будуць пераследваць у сувязі з нядаўнімі выбухамі, рэпрэсіі моцна ўзраслі. Адбыліся ператрусы ў дзясяткаў актывістаў, 13 чалавек было затрымана, большасць з іх дагэтуль за кратамі. Абсурднасць такіх дзеянняў складаецца ў тым, што людзей затрымоўваюць на падставе таго, што ў іх пры ператрусе знаходзяць пакеты з-пад соку або пару балтоў. Пасля нашай акцыі ў КДБ будзе досыць "рэчдокаў". Можа быць, пасля гэтага яны спыняць пераслед апазіцыянераў і зоймуцца, нарэшце, справай..”., - пракаментаваў акцыю адзін з яе ўдзельнікаў.
Мяшок супрацоўнікі КДБ забралі практычна адразу, а надпіс дагэтуль упрыгожвае тратуар перад уваходам у будынак.