Урал Латыпаў: «Новы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі – чалавек жорсткі»
- 16.07.2008, 14:13
Былы кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Урал Латыпаў некалі працаваў разам з новым кіраўніком гэтай установы і ўзгадвае, што Уладзімір Макей -- чалавек “даволі жорсткі".
У інтэрв’ю “Радыё Свабода” спадар Латыпаў узгадаў, што Уладзімір Макей – прафэсійны дыплямат, які працаваў на “складаным і цікавым” эўрапейскім кірунку.
“Гэта яму будзе дапамагаць, ён чалавек з добрым кругаглядам. Ён ужо каля 10 гадоў працуе ў адміністрацыі, прычым на ключавой пасадзе першага памочніка прэзыдэнта. Таму я лічу, што гэта найбольш падрыхтаваны для гэтай працы чалавек. Апрача таго ў яго выключныя асабістыя якасьці, адказнасьць і сыстэмнасьць”, -- кажа палітык.
Апрача іншага, паводле спадара Латыпава, Макей чалавек дастаткова жорсткі:
“Гэта не значыць, што ён грубы, наадварот, ён тактоўны, але ён жорсткі ў выкананьні рашэньняў, які даводзіць да канца пачатую справу і рэлізуе рашэньне”, -- паведаміў былы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі.
Урал Латыпаў не лічыць, што мэта прызначэньня Макея вузкая – паляпшэньне адносін Беларусі з Захадам.
“Кіраўнік адміністрацыі – гэта пасада не для аднаго накірунку, на 360 градусаў, па ўсім азімуце на ім ляжыць адказнасьць і ва ўнутранай, і ў зьнешняй палітыцы, і ва ўсім астатнім. Ён вырашае унівэрсальныя задачы”, -- сказаў палітык.