Лідэры апазіцыйных партый папрасілі генпракурора аб сустрэчы
- 17.07.2008, 11:11
17 ліпеня лідэры апазіцыйных партый перадалі генеральнаму пракурору Беларусі Рыгору Васілевічу зварот з просьбай аб неадкладнай сустрэчы.
Яны прапаноўваюць абгаварыць сітуацыю, якая складваецца ў Беларусі ў перыяд парламенцкай «выбарчай кампаніі». Прадстаўнікі дэмсіл, у прыватнасці, маюць намер звярнуць увагу генпракурора на бесперапынны ціск, які ўлады аказваюць на актывістаў дэмакратычнага руху — удзельнікаў выбарчай кампаніі.
У звароце, у прыватнасці, адзначаецца: "У апошнія некалькі тыдняў у Беларусі ўзмацнілася ціск на грамадзян, якія з'яўляюцца сябрамі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, якія вырашылі скарыстацца сваім канстытуцыйным правам і прыняць удзел у кампаніі па выбарах дэпутатаў «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу»".
"Палітычныя рэпрэсіі асабліва ўзмацніліся пасля выбуху ў Менску ў ноч на 4 ліпеня, — падкрэсліваецца ў звароце. — Гэтае злачынства, арганізатары і выканаўцы якога не ўсталяваныя, улады выкарысталі для запалохвання дэмакратычных актывістаў. Выклікі ў КДБ, і допыты прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі вылічаюцца ўжо дзясяткамі".
Аўтары звароту просяць Р.Васілевіча аб неадкладнай сустрэчы для таго, каб "спыніць палітычныя рэпрэсіі". Пры гэтым яны заяўляюць аб гатовасці падаць у органы пракуратуры ўсе матэрыялы, якія пацвярджаюць факты ціску на ўдзельнікаў выбарчага працэсу.
Пад зваротам падпісаліся лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін і першы намеснік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч.
Дакумент быў перададзены намесніку начальніка аддзела па працы са зваротамі грамадзян Генеральнай пракуратуры. Перадаючы ліст, С.Калякін звярнуў увагу на тое, што ў дадзеным выпадку падпісанты звяртаюцца да генпракурора не як грамадзяне, а як лідэры палітычных суб'ектаў, якія ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі, таму яны жадалі бы, каб сустрэча адбылася як мага хутчэй.