BE RU EN

Сацыял-дэмакраты могуць адмовіцца ад удзелу ў «выбарах»

  • 18.07.2008, 14:42

Партыя Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, якую ачольвае Станіслаў Шушкевіч, — можа адмовіцца ад удзелу ў парлямэнцкіх выбарах.

Пра гэта гаворыцца ў спэцыяльнай заяве выканкаму БСДГ, які даводзіць “Радыё Свабода”.

“Працяг крывадушных паводзінаў улады i ЦВК не пакіне для нас іншага шляху, як адмовіцца ад удзелу ў фарсе, якому ўлада хоча надаць выгляд выбараў”, — адзначаецца ў дакумэнце.

Таксама тут гаворыцца, што БСДГ па ўзгадненьні зь іншымі дэмакратычнымі партыямі і няўрадавымі арганізацыямі ў належны тэрмін накіравала прапановы дзеля ўключэньня сваіх прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі. Але мясцовыя адміністрацыі не дапусьцілі ў выбаркамы многіх аўтарытэтных асобаў, здольных паўплываць на тое, каб выбары былі сумленнымі і справядлівымі.

Выканкам БСДГ лічыць: “Гэта, як і ранейшы адказ ЦВК разгледзець прапановы аб стварэньні ў межах дзейнага заканадаўства ўмоваў па справядлівым падліку галасоў выбаршчыкаў, нельга разглядаць iнакш, як чарговую падрыхтоўку да татальнай фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня ў інтарэсах сёньняшняй улады”.

Нагадаем, што ўчора лідэры апазыцыйных палітычный партый Беларусі абмеркавалі вынікі фармаваньня акруговых выбарчых камісіяў. Іх ацэнка гэтага этапу кампаніі па выбарах “палаты прадстаўнікоў” была нэгатыўнай. Удзельнікі паседжаньня назвалі вынікі стварэньня камісіяў зьневажальнымі для апазыцыі.

Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка нагадаў, што патрабаваньні палітычных партый да беларускіх уладаў былі мінімальнымі — па адным прадстаўніку апазыцыі ў кожную камісію. Насамрэч вылучэнцы ад адзінага сьпісу палітычных партый атрымалі ў 110 акругах толькі 35 месцаў, а ўсяго ад апазыцыйных структур – 42.

“Не ўключылі былых парлямэнтароў — Сямдзянаву, Голубева, Баршчэўскага ды іншых. Ня ўключаныя былыя міністры Сасноў і Казлоўскі. У гэты сьпіс не патрапіў і былы кіраўнік дзяржавы Станіслаў Шушкевіч. Таксама ўлады палічылі, што ён ня цягне на шараговага сябра акруговай выбарчай камісіі”, -- паведаміў палітык.

Апошнія навіны