БХК прапануе дапамогу незаконна затрыманым пасля выбуху
- 18.07.2008, 15:15
Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак заклікае ўсіх, каго неапраўдана затрымалі па справе выбуху 4 ліпеня, бараніць свае правы і абяцае дапамогу юрыстаў БХК.
БХК актыўна сочыць за тым, як разьвіваецца сьледзтва ў справе выбуху 4 ліпеня, і зьбіраецца з часам падрыхтаваць сваё юрыдычнае заключэньне на гэты конт.
“Пакуль мы занатоўваем падзеі, зьвязаныя з гэтым сьледзтвам, у нашых маніторынгах, як сродак ціску на грамадзянскую супольнасьць. Падставы для гэтага ёсьць. Рабіць прававыя аналізы крыху рана, мы будзем гэта рабіць, калі зьявіцца больш фактаў”, -- паведаміў праваабаронца “Радыё Свабода”.
Паводле Гулака, БХК вывучае магчымасьць спагнаньня маральнай кампэнсацыі за беспадстаўнае і незаконнае затрыманьне сьледчымі, і праваабаронцы будуць гатовыя аказваць дапамогу тым, хто пацярпеў ад гэтага. Трэба зьвяртацца ў суд, мяркуе Алег Гулак.
“Гэта няпроста, але гэта трэба рабіць... Такім чынам людзі адстойваюць ня толькі свае правы, але і правы іншых. Гэта ня толькі вырашэньне іх праблем, але і ўплыў на сыстэму, каб яна не дазваляла сабе таго, што дазволіла цяпер. У праваахоўных органаў ёсьць права на затрыманьне падазроных. Але гэтым правам трэба карыстацца вельмі акуратна, толькі ў тых выпадках, калі ў іх насамрэч ёсьць дастаткова доказаў, што чалавек меў да гэтага адносіны. А проста так па нейкіх падазрэньнях, забіраць на 10 сутак,-- так рабіць нельга”, -- упэўнены старшыня БХК.