BE RU EN

У Бабруйскай калоніі зняволеныя парэзалі вены

  • 19.07.2008, 16:33

Зняволеныя паведамілі, што прэсінг адміністрацыі ў калоніі невыносны, і таму яны пайшлі на масавы суіцыд.

Учора зняволеныя тэлефанавалі ў рэдакцыі незалежных беларускіх СМІ - на радыё "Свабода" і "Комсомольскую правду в Беларуси". Так, затэлефанаваўшы ў "КП в Беларуси", нейкі чалавек назваўся зняволеным 2-й бабруйскай калоніі. Сказаў, што прэсінг адміністрацыі ў калоніі невыносны, і таму роўна на тры гадзіны дня 18 ліпеня прызначаны масавы суіцыд зняволеных. "Прыязджайце! Мы не пусцім да сябе медыкаў, будзем сцякаць крывёй…", -- папрасіў ён.

Аднак у дэпартаменце па выкананні пакаранняў (ДВП) "КП в Беларуси" паведамілі, што "нічога асаблівага" у калоніі не адбываецца.

- Нічога там цяпер не адбываецца, нармалёвае становішча. Начальнік сабраў аператыўнікаў, ніхто з іх не быў у курсе сітуацыі. Калі нехта і парэжа вены, ды зашыем яму. Ёсць праблема, так, не ўсе мы яшчэ тэлефоны выключылі. Можа, нехта пахуліганіць схацеў, можа, ціск (на адміністрацыю калоніі) учыніць. Там прызначаны нармалёвы начальнік, ёсць станоўчыя зрухі ва ўмацаванні парадку, -- заявілі ў дэпартаменце.

У той самы дзень увечары ў рэдакцыю зноў затэлефанавалі. Мужчынскі голас паведаміў, што некалькі зняволеных усё ж такі парэзалі вены.

- Сапраўды, шэсць чалавек там учора падрапаліся, - пацвердзіў першы намеснік начальніка ДВП Юры Барынкаў. - Гэта людзі веку 20 - 23 гадоў. Усім ім дадзена дапамога мясцовымі медпрацаўнікамі. Іх жыццю і здароўю нічога не пагражае. Адзін з іх пакараны, змешчаны ў штрафны ізалятар, да астатніх ужытыя іншыя захады. Гэта не адзінкавы выпадак. За апошнія суткі яшчэ некалькі чалавек у дзвюх установах рукі парэзалі. Гэта такая турэмная субкультура, нароўні з наколкамі. Старэйшыя зняволеныя гэтым не займаюцца.

Спагнанняў да начальніка калоніяў не будзе.

Вядома, што асуджаныя, якія парэзалі вены, адбываюць пакаранне за здзяйсненне цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Неўзабаве будзе разглядацца пытанне пра перавод іх у турму як злосных парушальнікаў парадку адбывання пакарання. Адносна аднаго будзе заведзена крымінальная справа… за злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі выпраўленчай установы.

Сітуацыю пракаментаваў былы палітвязень Валер Леванеўскі, адбывалы тэрмін "за абразу прэзідэнта", стваральнік інтэрнэт-праекту "Зона":

- Рэзанне венаў - вельмі пашыраная з'ява. Разам з адмовай ад ежы - адзіная магчымасць пратэсту супраць здзекаў, адзіны спосаб абароны. У часе майго знаходжання ў калоніі былі такія выпадкі. Але часцей за ўсё яны замоўчваюцца, нават "Хуткую" не выклікаюць. Цыруюць мясцовыя медыкі. А тым, хто парэзаў вены, яшчэ і спагнанне навешваюць.

Нагадаем, што ў Бабруйскай калоніі адбывае турэмны тэрмін палітвязень Андрэй Кім, прысуджаны да 1,5 гадоў зняволення за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.

Апошнія навіны