BE RU EN

Рэпрэсіі супраць моладзі працягнуліся «чысткамі» у вну

  • 2.07.2008, 9:45

Актывістка моладзевага дэмакратычнага руху Кацярына Манчук лічыць, што прычынамі яе выключэньня з Мазырскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту стала палітычная дзейнасьць.

Раней дзяўчыну выклікалі на размовы ў дэканат і прасілі спыніць грамадзкую актыўнасьць. Аднак адміністрацыя ўнівэрсытэту катэгарычна настойвае, што дзяўчына пацярпела, бо кепска падрыхтавалася да сэсіі, паведамляе “Радыё Свабода”.

Кацярына Манчук вучыцца на трэцім курсе тэхналягічнага факультэту ў Мазырскім дзяржаўным унівэрсытэце. Яна рассказала, што спачатку не магла здаць залікі, а потым сутыкнулася зь цяжкасьцямі пры здачы экзамэнаў летняй сэсіі.

“Я лічу, што адміністрацыя ўнівэрсытэту наўмысна хоча мяне адлічыць. Дзеля гэтага робіцца ўсё, каб я не здала сэсію. Праблемы пачаліся яшчэ на пачатку году, калі мяне затрымалі ў Менску. Потым мяне пачалі дапытваць, выведваць, вадзіць да прарэктараў, да рэктара. У гэтую летнюю сэсію я не магла здаць ні залікі, ні экзамэны. Калі я прыехала зь Літвы ад сваіх сяброў, даведалася, што на мяне ёсьць фармальнае адлічэньне. Калі я прыйшла да дэкана, то ён мне адказаў: “Не. Ты яшчэ вучысься, у цябе сэсія”, - распавядае дзеўчына.

Цягам навучальнага году Кацярыну Манчук некалькі разоў затрымлівалі ў Менску і ў Мазыры. Пасьля таго, як яе затрымалі на паседжаньні гістарычнага клюбу ў доме, дзе зьбіраюцца пратэстанты на набажэнствы, яна мела з гэтай нагоды гаворку ў дэканаце. Тады Кацярына Манчук патлумачыла, што больш ніхто ў горадзе не дазволіў моладзі, якая цікавіцца гісторыяй сваёй краіны, сабрацца ў сваім памяшканьні. Пасьля гэтага Кацярыну Манчук выклікалі на размовы ў дэканат яшчэ некалькі разоў.

У часе летняй сэсіі выкладчыкі іранічна казалі Кацярыне, што яна ўсё роўна паедзе вучыцца за мяжу.

“Спачатку — цягні білет, адказвай на пытаньне, а потым кажуць: “Можа, ты з дыктафонам прыйшла, можа, сёньня ня будзеш здаваць? А што ты рабіла да экзамэну? Можа, займалася актыўнай дзейнасьцю, што ня можаш нічога адказаць? Ну, нашто яно табе? Твае ж сябры падрыхтавалі для цябе месца, якога ты заслугоўваеш. Ты ж добра папрацавала ў гэтым годзе. Ты ж павінна нешта атрымаць”, - пераказвае словы выкладчыкаў Кацярына.

Дэкан факультэту Ўладзімер Каноплік тлумачыць адлічэнне непадрыхтаванасцю студэнткі да сесіі. “Не рыхтавалася. У яе на дадзены момант два “завалы”. Я не чакаў. Яна ўчора магла спакойна здаць экзамэн. Гэта профільны экзамэн. Яна мусіла яго адказаць. А ніякага ціску на яе няма і быць ня можа”.

Між тым, сёлета зь беларускіх навучальных установаў з фармулёўкай “за акадэмічную непасьпяховасьць” адлічылі каля дзясятка актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху, сярод якіх Кася Салаўёва, Франак Вячорка, Іван Шыла ды іншыя.

А з 2006 году ў замежных унівэрсытэтах займаюцца больш за паўтысячы студэнтаў, адлічаных зь беларускіх навучальных устаноў.

Апошнія навіны