BE RU EN

Беларусы яшчэ могуць выязжаць за мяжу праз Расею

  • 2.07.2008, 12:46

Зацягванне працэсу абмену базамі дадзеных грамадзянаў, якім па якіх-небудзь прычынах забаронены выезд з краіны, паміж памежнымі ведамствамі Беларусі і Расеі абумоўленае тэхнічнымі прычынамі, заяўляе кіраўнік прэс-службы Дзяржпамежкамітэта РБ Аляксандр Цішчанка.

"Справа ў тым, што ўсе памежныя пункты пропуску ў Беларусі цалкам аўтаматызаваныя, таму ідэнтыфікацыя грамадзянаў, якія перасякаюць мяжу, доўжыцца лічаныя секунды. У Расеі жа аўтаматызавана толькі каля васьмі пунктаў пропуску, размешчаных у буйных гарадах. Таму там ідэнтыфікацыя сваіх грамадзянаў ідзе па даўніне, калі жа яны будуць арыентаваныя яшчэ і на беларускіх грамадзянаў, то гэта вельмі ўскладніць працу", - цытуе «Інтэрфакс» А.Цішчанку.

Акрамя таго, па словах кіраўніка прэс-службы, калі да беларускага спісу, які налічае прыкладна 260 тыс. чалавек, "дадасца яшчэ і расейскі, які большы у разы, то гэта вельмі ўскладніць працу памежнікаў па ідэнтыфікацыі асобаў грамадзянаў, якія перасякаюць мяжу".

Аднак, па словах прадстаўніка Дзяржпамежкамітэта, лагічна было бы мець з расейскім бокам агульную базу асобаў, выезд якім за мяжу часова забаронены, па той прычыне, што "у нас усё ж такі агульная знешняя мяжа".

Пры гэтым Цішчанка адмаўляе, што ў Беларусі ёсць палітычны «спіс невыязных».

"Жадалася б аспрэчыць чуткі аб тым, што "спіс невыязных" выкарыстоўваюць як метад палітычнага ціску на прадстаўнікоў беларускіх опазіцыйных партый. Сапраўды, былі адзінкавыя выпадкі няпропуска праз мяжу некаторых маладых апазіцыянераў. Аднак гэта было звязана з тым, што ў рабят былі праблемы з запазычанасцямі перад ваенкаматамі. Яны папросту не прайшлі неабходныя мерапрыемствы па прызыву. Калі яны іх пройдуць, то праблем ніякіх не будзе", - заявіў чыноўнік памежкамітэта.

Апошнія навіны