BE RU EN

«Справа аб выбуху» развальваецца. Улады вымушаныя вызваляць апазіцыянераў

  • 20.07.2008, 15:33

Вызвалены практычна ўсе прадстаўнікі апазіцыі, затрыманыя па справе аб выбуху ў Менску 4 ліпеня.

20 ліпеня на волю вышлі яшчэ два затрыманыя па гэтай крымінальнай справе – сябры Партыі БНФ Антон Койпіш і Ілля Богдан. Яны былі затрыманыя 10 ліпеня, і сёння мінуў 10-дзённы тэрмін іх затрымання (паводле заканадаўства, па сканчэнні 10 дзён затрыманага мусяць адпусціць, альбо агучыць абвінавачанне).

Раней на волю вышлі актывісты апазіцыі Міраславаў Лазоўскі, Сяргей Чыслаў, Ігар Корсак, Юры Карэтнікаў, Міхась Шарамет і Віктар Ляшчынскі, а таксама актывіст моладзевай арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі "Маладыя дэмакраты" Аляксандр Сергіенка, удзельнік грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Павел Кур’яновіч, лідэр незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды Сяргей Высоцкі.

Яшчэ трое актывістаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі былі арыштаваныя 11 ліпеня нібыта за "нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы". Кірыла Паўлоўскі быў асуджаны да 10 сутак арышту, Віталь Стражаў і Міхась Пашкевіч - да 15 сутак. Не выключана, што апазіцыянераў таксама дапытваюць па справе аб выбухах у Менску.

Нагадаем, па факце выбуху ў Менску 4 ліпеня заведзена справа па частцы 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства). З неафіцыйнай інфармацыі, у часе расследаванняў затрымана ад 50 да 70 чалавек.

Апошнія навіны