BE RU EN

У расейскіх рэгіёнаў новыя прэтэнзіі да беларускіх прадпрыемстваў

  • 21.07.2008, 12:55

Зняўшы супярэчнасці адносна аб'ёмаў і кошту пастаўлянага ў Расею малака, беларускія вытворцы малочнай прадукцыі нечакана сутыкнуліся на расейскім рынку з новай для сябе праблемай.

Адзін з лідэраў галіны – ААТ «Савушкін прадукт» – апынуўся ў спісе прадпрыемстваў, якія не прайшлі праверку якасці ў Краснадарскім краі. Гульцы рынка перакананыя, што мясцовыя ўлады спрабуюць такім чынам абараніць уласных вытворцаў, піша «БДГ».

Усяго ў спісе 11 прадпрыемстваў, сярод якіх заводы лідэраў расейскага малочнага рынка – кампаній «Вімм-біль-данн» і «Данон-Волга». Прычым больш за ўсё нараканняў выклікала маслатлушчавая прадукцыя. Прэтэнзіі звязаныя з тым, што вытворцы не выконваюць тэмпературны рэжым пры транспартоўцы прадуктаў, а таксама ў 95% выпадкаў даюць няпоўную і няпэўную інфармацыю спажыўцам.

Усім трапіўшым у «чорны спіс» прадпрыемствам пагражае страта рынка. «Такая [няякасная] прадукцыя будзе не толькі здымацца з продажу; матэрыялы з дадзенымі аб асартыменце і вытворцах, вырабляючых сумнеўны па якасці тавар, будуць рэгулярна перадавацца ў рэдакцыі сродкаў масавай інфармацыі для апублікавання»,- гаворыцца ў паведамленні, распаўсюджаным Дэпартаментам сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці края.

На «Савушкіным прадукце» усе прэтэнзіі ў свой адрас адвяргаюць. «Афіцыйна ніякіх пратаколаў выпрабаванняў і паведамленняў аб тым, што прадукцыя была адабраная для спроб, нам не паступала. Хаця звычайна ў такіх выпадках вытворцы заўсёды атрымліваюць інфармацыю»,- заявілі на прадпрыемстве.

Гульцы рынка ўжо загаварылі аб пратэкцыянісцкай палітыцы мясцовых уладаў. «Рашэнне надаць галоснасці імёны вытворцаў з іншых рэгіёнаў звязана з жаданнем адміністрацыі падвысіць продажы мясцовых кампаній»,- цытуе газета «Ведомости» дырэктара Растоўскага заводу плаўленых сыроў Юрыя Каракашана.

Паміж тым, такі спосаб барацьбы з танным малочным імпартам, ідучым у расейскія рэгіёны галоўнчым чынам з Беларусі, можа стаць яшчэ адной перашкодай на шляху беларускіх вытворцаў на расейскі рынак. Нагадаем, раней беларускаму боку ўжо прыйшлося пагадзіцца на скарачэнне паставак малочнай прадукцыі ў Расею на 11% на працягу пяці гадоў.

Пакуль расейскі рынак застаецца для нашых малочных заводаў асноўным. Пры гадавой вытворчасці 6,8 млн. тон малака Беларусь спажывае толькі 3 млн. тон. Расея жа вырабляе 33 млн. тон малака ў год, у то час як яе запатрабаванне ўжо цяпер складае 39 млн. тон.

Апошнія навіны