Ангела Меркель: Украіна ўвойдзе ў ЕЗ і НАТА
- 22.07.2008, 14:32
Канцлер ФРГ Ангела Меркель не сумняецца ў перспектывах уваходжання Ўкраіны ў Еўразвяз і НАТА.
Напрыканцы двухбаковых перамоваў у Кіеве 21 ліпеня яна заявіла, што пэўныя тэрміны ўступа ў гэтыя звязы будуць залежаць ад самой Украіны.
Як паведамляе "Інтэрфакс", Ангела Меркель лічыць, што новая дамова паміж Кіевам і ЕЗ аб паглыбленым супрацоўніцтве, якую плануецца падпісаць у верасні гэтага года, можна кваліфікаваць як дамову аб асацыяваным сяброўстве Ўкраіны. Зрэшты, дадала канцлер ФРГ, такі статус не будзе азначаць аўтаматычнага ўступа ў Еўразвяз.
На апошнім, красавіцкім, саміце НАТА у Бухарэсце Кіеву адмовілі ў атрыманні Плану дзеянняў адносна сяброўства ў альянсе, у тым ліку з-за пазіцыі Германіі, якая палічыла такое рашэнне паспешным. Падчас кіеўскага візіту А.Меркель заявіла, што будучыня ўваходжання Ўкраіны ў НАТО "непазбежная".
Варта адзначыць, што 22 ліпеня міністры замежных спраў Еўразвяза плануюць разгледзець пытанне аб заключэнні з Украінай новай дамовы. Яна не будзе прадугледжваць уваходжання Ўкраіны ў ЕС. Як чакаецца, яна будзе звацца Дамовай аб асацыяцыі.