У «палаце прадстаўнікоў» зьявіцца прыкормленая апазыцыя
- 23.07.2008, 14:34
Ніякіх істотных зьменаў ад маючых адбыцца 28 верасьня ў «парламенцкіх выбараў» менчукі не чакаюць.
“Асабіста я прадбачу, што наступная “палата прадстаўнікоў” будзе не такая, як папярэдняя. Аляксандру Рыгоравічу, відаць, і самому надакучыла, што парлямэнт у Беларусі цалкам “падкаблучны”, што “дэпутаты” баяцца нават слова сказаць насуперак Адміністрацыі прэзыдэнта. Ну і, вядома, з такой “палатай прадстаўнікоў” нікуды ў Эўропу нас ня прымуць. Таму, думаю, будзе дазволена прапусьціць невялікую апазыцыйную фракцыю — чалавек 5—7. Вядома, ніякіх “агалцелых” апазыцыянэраў не дапусьцяць: Лябедзька і Вячорка дэпутатамі ня стануць. А вось вальнадумства ў пэўных межах могуць дазволіць — напрыклад, пусьцяць некалькі параўнальна ляяльных палітыкаў кшталту Вольгі Абрамавай, якія дазваляюць сабе асьцярожна крытыкаваць уладу і галасаваць у некаторых пытаньнях супраць асноўнай масы.
А калі ў “палаце прадстаўнікоў” зьявіцца няхай і прыкормленая, але апазыцыя — дык якія перашкоды застануцца дзеля таго, каб прызнаць рэжым Лукашэнкі на Захадзе?”, — напісаў у сваім лісьце на “Радыё Свабода” Сяргей Мацко зь Менску.