На месцы турмы пабудуюць жылы комплекс для «эліты»
- 23.07.2008, 15:46
Аб тым, што выпраўленчая калонія на вуліцы Кальварыйскай у Менску знікне, ведалі даўно. Але што будзе на яе месцы, калі пачнецца будаўніцтва, - гэтыя і іншыя пытанні заставаліся нявысветленымі. Учора інвестары і Менгарвыканкам адкрылі карты.
На месцы будучага жылога комплексу "Каскад" заклалі першую цагліну ў падмурак вялікай будоўлі. Праект комплексу ў межах вуліц Кальварыйскай, Скрыганава і чыгункі ўражвае (яго распрацавалі ў архітэктурнай майстэрні Б. Школьнікава). Вышынныя офісныя будынкі з люстравым шкленнем, спартовыя цэнтры, паркінгі, паркі, чарада жылых будынкаў у 5—25 паверхаў (адгэтуль і назва комплексу - "Каскад"). За будаўніцтва ўзялося замежнае прадпрыемства "Юнівест-М".
— Усе інвестыцыі ў "Каскад" ацэньваюцца ў 350 мільёнаў даляраў, — заўважыў у інтэрв'ю газеце «Рэспубліка» генеральны дырэктар "Юнівест-М" Уладзімір Здабноў. — Мы ўжо ўклалі 39 мільёнаў, каб вызваліць тэрыторыю пад новае будаўніцтва. У канцы 2009 года здадзім першы дом, а ўвесь комплекс будзе гатовы ў 2015 годзе. Да гэтага часу тут пабудуюць 125 тысяч квадратных метраў жылля і паселяцца каля 5 тысяч чалавек.
Які будзе кошт квадратнага метра ў "Каскадзе"? Па папярэдніх падліках інвестара, кошт кватэр мяркуецца рынкавы. Гэта значыць такі кошт, на які знойдуцца пакупнікі. Адмысловых кватэр для чаргавікоў у "Каскадзе" не будзе.
Чаму будаўніцтвам жылога комплексу займаецца фірма "Юнівест-М? Група кампаній "Юнівест", прадстаўленая ў Беларусі сваёй "дачкой" "Юнівест-М", з'яўляецца не толькі буйнейшым пастаўшчыком, перапрацоўшчыкам і экспарцёрам нафты і нафтапрадуктаў на беларускім рынку, але і адным з буйнейшых аператараў на рынку беларускай нерухомасці.
Па інфармацыі газеты «Ежедневник», здзелка аб будаўніцтве комплексу адбылася пад асабістым патранатам міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава і менскага мэра Міхаіла Паўлава. Альтэрнатывы забудоўшчыку не было, бо "Юнівест-М" у беларускіх традыцыях быў адабраны без конкурсу. Замест яго, па інфармацыі "Е", падпісаны ўказ Аляксандра Лукашэнкі, які асабіста ўхваліў і інвестара, і параметры здзелкі. Яна мае не толькі чыста тактычнае значэнне, якое ўжо прынесла на сваім першым этапе гораду 39 млн даляраў, але і стратэгічнае.
Як растлумачылі "Е" крыніцы, на гэтай здзелцы ўлады жадаюць адпрацаваць механізмы і ўмовы аналагічных дамоваў з іншымі інвестарамі, якія выяўляюць цікавасць да атрымання выгодных пляцовак пад будаўніцтва на месцы дзейсных зараз прадпрыемстваў і іншых арганізацый. Вядома, што існуе перспектыўны план развіцця Менска, якім прадугледжаныя перанос шэрагу буйных прамысловых аб'ектаў за межы горада і забудова тэрыторый, якія вызваляюцца, элітным жыллём, гандлёвымі цэнтрамі, офіснымі будынкамі, ФОКамі і гасцініцамі.
Анатолю Тарнаўскаму, аднаму з уладальнікаў бізнэсу групы кампаній "Юнівест", паводле ўмоваў дамовы прыйдзецца значна выдаткавацца. Выносячы турму з цэнтра горада, ён абавязаўся размясціць яе цяперашні і патэнцыйны кантынгент па новым месцы прапіскі - меркавана ў Оршы і Шклове. Там яму прадстаіць стварыць беларускім зэкам не горшыя, чым былі, умовы зняволення, у тым ліку арганізаваўшы за кошт нафтавых прыбыткаў новыя месцы пазбаўлення волі. Затое ў распараджэнні Тарнаўскага і "Юнівест" апыняецца 116 тыс. кв. м, для якіх ужо распрацаваны архітэктурны праект.