BE RU EN

Васіль Шлындзікаў: «Прыватызацыя можа скончыцца банальнай карупцыйнай схемай»

  • 24.07.2008, 8:20

Беларускі ўрад на днях публічна агучыў знешне надзвычай урачысты план прыватызацыі на 2008-2010 гады.

Першы пералік прадпрыемстваў, выстаўляных на продаж, складаецца з 519 прадпрыемстваў, другі -- са 147, пакеты акцый якіх будуць прадавацца адпаведна з прэзідэнцкім дэкрэтам № 7.

Начальнік упраўлення рэфармавання дзяржаўнай уласнасці Фонду Дзяржкаммаёмасці Ірына Баркоўская (пры гэтым яе шэф палічыў за лепшае застацца ў ценю, пра буйнейшых чыноўнікаў ужо і не вядзецца) зрабіла ў сувязі з гэтым дзве важныя заявы.

Першае: расейскіх інвестараў паспрабуюць не дапушчаць да масавай прыватызацыі.

Другое: на першым этапе ахвочым укласці сур'ёзныя грошы ў беларускую эканоміку, хутчэй за ўсё, будуць прапаноўваць толькі 25 адсоткаў упадабаных прадпрыемстваў.

Вядомы эканаміст Васіль Шлындзікаў, былы кіраўнік канцэрна "Амкадор" лічыць, што заяўленых мэтаў гэтая маштабная прыватызацыя не дасягне.

- Вялікага даверу да дзяржавы ў гэтым пытанні няма як з боку шараговых укладальнікаў, так і прыватных інвестараў, - заявіў эканаміст у інтэрв'ю "Беларускаму партызану". - Нядаўна быў прыняты ў цэлым неблагі закон "Аб таварыствах". Усё нібыта няблага, але паводле яго простыя акцыянеры нічым не абароненыя.

Калі акцыянаваліся беларускія банкі, тыя ж простыя ўкладальнікі таксама ўрэшце засталіся не пры справах - іх фінансавыя інтарэсы "плаўна" перайшлі да дзяржавы.

Чэкавая прыватызацыя ў нашай краіне фактычна правалілася. Дывідэндаў у нас з простых грамадзянаў ніхто не атрымлівае. А між тым, на руках у насельніцтва знаходзіцца, з розных падлікаў, ад 10 да 15 мільярдаў даляраў. Ужо ясна, што гэтыя "панчошныя" грошы нашыя грамадзяне на прыватызацыйныя праекты не панясуць, хоць маглі б.

Ці панясуць іх гэтак хутка, як хочацца беларускім уладам, айчынныя і замежныя бізнэсмэны, вельмі вялікае пытанне. Што такое 25 адсоткаў ад усяго партфеля акцыяў прадпрыемства? Гэта магчымасць дзяржавы ў любы момант умешвацца ў працу гэтага прадпрыемства. Да таго ж, ва ўсіх яшчэ свежыя ўспаміны пра "аптымізацыю" працы індывідуальных прадпрымальнікаў, якіх гвалтам перавялі ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы, пасля чаго казна страціла ў падатках, а дзесяткі, калі не сотні тысяч сем'яў згубілі сваіх карміцеляў. Падобна, што прыблізна па гэткіх жа правілах будзе ладзіцца і "глабальная" прыватызацыя. Таму бачыць асноўную небяспеку ў агульным жаданні расейцаў з'есці абсалютную большасць беларускіх прадпрыемстваў, прынамсі, наіўна. Расейскіх бізнэсоўцаў цікавяць будаўніцтва, банкаўскі сектар, буйныя ліквідныя прадпрыемствы, а "занядбаныя", то бок, стратныя і напаўстратныя прадпрыемствы, якіх у нас большасць і пасля прыватызацыі якіх трэба будзе цягнуць яшчэ і ўсю сацыяльную інфраструктуру, ім і дарма не трэба.

Я ўвогуле баюся, каб усё гэта не ператварылася ў банальную карупцыйную схему, у якой можа быць задзейнічана не самая "прасунутая" частка беларускай наменклатуры. Лепшая яе частка зараз проста пасцеражэцца рабіць рэзкія крокі, таму што ніхто ні ад чаго ў гэтай сітуацыі не застрахаваны. У тым ліку, і ад турэмных нараў у вельмі недалёкай перспектыве.

Для таго, каб на беларускай зямлі пайшла нармалёвая эфектыўная прыватызацыя, спатрэбіцца не менш за 5 гадоў. І тое, ужо пры новай уладзе.

Апошнія навіны