ЕЗ і Украіна могуць увесці бязвізавы рэжым у 2011 годзе
- 25.07.2008, 11:04
Украіна і Еўрапейскі звяз дамовіліся пачаць перамовы наконт увядзення бязвізавага рэжыму з ЕЗ для ўкраінцаў.
Пра гэта паведаміў журналістам у аўторак міністр замежных справаў Уладзімір Агрызка.
Сёння ў Брусэлі дасягнута дамоўленасць, што ў часе саміту ЕЗ у Францыі палажэнне аб тым, што мы пачынаем перамовы наконт бязвізавага рэжыму для ўкраінскіх грамадзянаў, будзе зафіксавана.
У сувязі з гэтым МЗС Украіны ставіць перад сабой мэту ўвядзення бязвізавага рэжыму з ЕЗ да 2012 года. "2011 год мусіць стаць апошнім годам, калі ўкраінскія грамадзяне будуць стаяць у чэргах па візу ў краіны ЕЗ", - запэўніў Агрызка.
Таксама Рада Еўрапейскага Звяза на ўзроўні міністраў замежных справаў прыняла рашэнне назваць новае пагадненне паміж Украінай і ЕЗ пагадненнем аб асацыяцыі.
Нагадаем, што ў сітуацыі з Беларуссю ЕЗ жорстка стаіць на пазіцыі пераходу кіраўніцтва краіны ад словаў да справы: дэмакратызацыі краіны, вызвалення палітвязняў, правядзення сумленных парламенцкіх выбараў. Толькі ў гэтым выпадку гутарка пойдзе пра паніжэнне кошту візаў.