BE RU EN

Літоўская амбасада адновіць прыём дакументаў на візы з 1 жнівеня

  • 28.07.2008, 8:48

Аб гэтым паведаміла прэс-сакратар дыппрадстаўніцтва Крысціна Паканітэ. Нагадаем, што на мінулым тыдні сябры НБП здзейснілі напад на будынак амбасады.

"Цяпер вядзецца расследаванне. У заяве Міністэрства замежных спраў Літвы гаворыцца аб тым, што была парушаная Венская канвенцыя, і выдача віз прыпыненая. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія запісаліся на 25 ліпеня, будуць абслугоўвацца 1 жнівеня. Сёння тыя, хто павінен забраць пашпарты, - іх забяруць. Дакументы будуць прымацца толькі з 1 жнівеня", -- паведаміла Крысціна Паканітэ «Еўрарадыё».

Нагадаем, у ноч на 25 ліпеня ў Менску быў здзейснены акт вандалізму супраць амбасады Літвы. У будынак прадстаўніцтва былі кінутыя бутэлькі з фарбай і ўлёткі нацыянал-бальшавіцкай партыі, а сімволікай НБП размаляваны плот.

Як гаворыцца ў заяве МЗС Літвы, амбасадар Эдмінас Багдонас выказаў пратэст афіцыйным асобам Міністэрства замежных спраў Беларусі з патрабаваннем высветліць сітуацыю, знайсці вінаватых і выконваць нормы Венскай канвенцыі 1961 года аб дыпламатычных адносінах, якія гарантуюць імунітэт літоўскага пасольства.

Паведамляецца, што грамадзянам Літвы консульская падтрымка будзе аказвацца.

Апошнія навіны